Рубрыка "Эканоміка дня"

23 сентября 2015

У Беларусі могуць быць адменены абмежаванні на гандаль алкаголем і цыгарэтамі праз Інтэрнэт

Кіраўніцтва Мінгандлю сёння не выключыла, што забарона можа быць знята ўжо ў найбліжэйшы час. Дагэтуль Мінгандаль, наадварот, катэгарычна адпрэчваў такую магчымасць.

Што змянілася, спытаем у нашага эканамічнага аглядальніка Сяргея Воляка.

І, праўда, упершыню публічна афіцыйна выказана такая магчымасць. Імаверна, Мінгандаль мяркуе, што інтэрнэт-магазіны ўжо пасталелі і ім можна даручыць такія далікатныя тавары.

Аб лібералізацыі мясцовага інтэрнэт-маркету сёння заявіў намеснік міністра гандлю Вячаслаў Драгун.

Ён падкрэсліў, што залішнія забароны не толькі закранаюць інтарэсы пакупнікоў, але і звужаюць магчымасці гандлю і, адпаведна, беларускіх вытворцаў, абмяжоўваючы збыт якаснай падакцызнай прадукцыі.

"Пры прытрымліванні вызначаных умоў, якія павінны быць выпрацаваныя з боку дзяржавы, можна дапусціць, што забароны на інтэрнэт-гандаль алкаголем і цыгарэтамі будуць паступова адмяняцца. Вытворцы павінны прапаноўваць заканадаўцам і рэгулюючым органам сваё бачанне арганізацыі такога гандлю", - заявіў намеснік міністра гандлю.

Прэзідыум Савета Міністраў абмяркоўваў гатоўнасць краіны да ацяпляльнага сезона

Краіна да зімы гатова. Газ, мазут, дрэўныя адыходы і іншыя запасы паліва сёння злічылі на Прэзідыуме Саўміна. Прадстаўнікі профільных міністэрстваў адзначылі, што сёлета - гатоўнасць да зімы вышэй, чым летась. Як па аб'ёме запасаў паліва, так і па маштабах праведзеных рамонтаў цепласетак. Да 1 кастрычніка ўсе арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі будуць гатовыя да працы ў асенне-зімовы перыяд.

Аляксандр Ярашэнка, намміністра эканомікі Беларусі: "Праблема на сёння - запазычанасць органаў дзяржкіравання і аблвыканкамаў за пастаўкі паліва. Больш за ўсё пратэрмінаваных выплат - у Мінскай вобласці".

Беларускі рубель другую сесію запар умацоўваецца да валютнага кошыка 

На мінулых таргах + 0,2% да папярэдняга значэння. Долар падаражэў на 27 рублёў да 17 557-мі. Але нават з такім значэннем ён зараз знаходзіцца на адзнаках канца жніўня. Еўра на апошніх таргах знізіўся на 194 рублі. У выніку - 19 615 - афіцыйны курс еўра на заўтра. З такім значэннем еўра таксама вярнуўся на адзнакі апошніх дзён жніўня.

Рост долара пры паніжэнні еўра эксперты тлумачаць істотным падзеннем адзінай валюты на сусветным рынку. Прычынай гэтаму паслужылі словы некаторых кіраўнікоў федэральных рэзервовых банкаў ЗША аб магчымасці павелічэння ставак сёлета.

Brent страціла ў кошце амаль 1%, паўночнаамерыканская WTI патаннела на 1,29%

Нафта зніжаецца ў Лондане і Нью-Ёрку. Brent страціла ў кошце амаль 1%, паўночнаамерыканская WTI патаннела на 1,29%. Цэны на нафту зніжаюцца пасля рэзкага скачку, які адбыўся на папярэдніх таргах.

Лістападаўскія ф'ючэрсы на чорнае золата сёння каштавалі 48,8 долара за барэль. Па інфармацыі Bloomberg, паніжэнню нафтавых цэн спрыяюць навіны, што Іран зрабіў яшчэ адзін крок да выканання ўмоў дагавора з "шасцёркай" і падаў спецыялістам МАГАТЭ ўзоры з аднаго з ваенных аб'ектаў краіны.

Apple спяшаецца з распрацоўкай уласнага электрамабіля

Кампанія Apple спяшаецца з распрацоўкай уласнага электрамабіля. Стварыць яго карпарацыя плануе ўжо ў 2019 годзе. Для гэтага ў Apple ў тры разы павялічваюць штат супрацоўнікаў падраздзялення, які працуе над праектам. Як адзначае The Wall Street Journal, гэтыя крокі Apple паказваюць, што кампанія бачыць шанец стаць гульцом у сферы аўтамабільнай прамысловасці, выкарыстаўшы для выпуску транспартных сродкаў новага пакалення тыя навыкі, якія былі адточаны пры вытворчасці смартфонаў iPhone. Імаверна, Apple паспрабуе аб'яднаць намаганні з якой-небудзь з аўтамабільных кампаній. Як адзначаюць эксперты, да 2019 года Apple, хутчэй за ўсё, створыць прататып свайго электрамабіля, аднак яшчэ не будзе гатова прапанаваць спажыўцам гатовы прадукт.