Вынікі супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў аграпрамысловым сектары дэманструюць у Маскве

11 октября 2018

Там праходзіць дзясяты, юбілейны аграсалон, куды прыехалі вядучыя вытворцы сельгастэхнікі з Беларусі, Польшчы, краін Балтыі, Германіі, ЗША, Канады, Саудаўскай Аравіі, Кітая і многіх іншых. Калі з'явіцца першы беларуска-расійскі трактар на газе? І для чаго патрэбная сістэма дакладнага земляробства на беларускім камбайне "Палессе"? Дар'я Белавусава-Пятроўская прадоўжыць.

Аграсалон - адна з найбуйнейшых выстаў сельгастэхнікі і абсталявання ў Расіі і краінах СНД. Сёлета адзначае 10-гадовы юбілей, таму і колькасць удзельнікаў рэкордная. На 70 тысячах квадратных метраў размясціліся павільёны больш чым 500 вытворцаў з 28 краін свету - ад Еўропы да Паўднёвай Амерыкі і Усходняй Азіі.

Адны з самых яркіх - беларускія павільёны. Мінскі трактарны завод спецыяльна да выставы расфарбаваў айчынны "Беларус" пад хахламу, падкрэсліўшы гэтым плённасць супрацоўніцтва дзвюх краін. Для мясцовых аграрыяў гэты трактар ужо даўно стаў родным. Сёння на расійскіх палях кожны пяты трактар - "Беларус".

Гомсельмаш прэзентуе на аграсалоне новы ўборачны камбайн вышэйшай якасці. Машына не толькі магутная (530 конскіх сіл), але і разумная.

Новую лінейку аграпрамысловай тэхнікі прапануе на выставе і "Амкадор". Кампанія больш вядомая сваімі ўніверсальнымі пагрузчыкамі для лесанарыхтовак і камунальных службаў. Сёння таксама робіць рознае навясное абсталяванне для апрацоўкі глебы і пасеваў, а таксама шматфункцыянальныя прычэпы і зернесушыльныя комплексы.

Аграсалон - гэта не толькі прэзентацыя прадукцыі, гэта яшчэ і навучальныя канферэнцыі, семінары і майстар-класы, дзе ўдзельнікі могуць узняць свой прафесійны ўзровень у аграпрамысловасці. Акрамя тэарэтычных ведаў, можна атрымаць і практычны вопыт. Не толькі паглядзець, але і пасядзець за рулём трактара ці камбайна.