Паўтара мільярда тон калійнай руды здабылі сёння ў Салігорску

30 июня 2017

Сведкамі падзеі стала і наша здымачная група. Шахцёры ў прысутнасці журналістаў Агенцтва тэленавін адбілі юбілейны кавалак пароды. Каманду асабліва адзначыла кіраўніцтва "Беларуськалія". Падзея і для кампаніі, і для краіны ў цэлым знакавая. Сёння Беларусь уваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых вытворцаў і экспарцёраў калійных удабрэнняў. Старобінскае радовішча - адно з самых вялікіх у свеце. Яго засваенне пачалося амаль 60 гадоў таму. Запасы вычарпаныя прыкладна на палову.

Першую мільярдную тону калійнай руды здабылі ў Салігорску ў 2003 годзе. Каб заваяваць гэту мяжу, кампаніі спатрэбілася амаль паўстагоддзя. Сёння праз усяго 14 гадоў у Салігорску святкуюць чарговую юбілейную здабычу. Кіраўніцтва прадпрыемства ўпэўнена, што да двух мільярдаў выйдуць за 12-14 гадоў.