Цягнікі для "Аэраэкспрэса" будуць зробленыя на Stadler-Minsk

26 мая 2016

Большасць новых цягнікоў для маскоўскага "Аэраэкспрэса" будуць зробленыя на беларуска-швейцарскім прадпрыемстве Stadler-Minsk.

Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі ў Маскве паведаміў уладальнік і гендырэктар кампаніі Stadler Rial Group Петэр Шпулер. Сума кантракта - больш як 180 мільёнаў долараў. Пазалетась планавалася, што "Аэраэкспрэс" атрымае 25 двухпавярховых цягнікоў. Аднак выканаць кантракт не атрымалася з-за падзення курсу рубля і ўвядзення эканамічных санкцый супраць Расіі. У сувязі з гэтым пастаўкі прыйшлося скараціць амаль у два разы. Зараз размова аб 11 саставах. Больш як палова з іх будуць зробленыя ў Фаніпалі, на беларуска-швейцарскім прадпрыемстве Stadler-Minsk.

Петэр Шпулер, уладальнік і гендырэктар кампаніі Stadler Rial Group, Швейцарыя: "Кантракт прадугледжвае пастаўку 11 двухпавярховых хуткасных электрычак. Гэта ў агульнай суме 62 вагоны. Больш як палова будзе выраблена ў Беларусі. Гэта ўнікальныя, суперсучасныя, вельмі камфартабельныя цягнікі, адны з лепшых у свеце".

Па ўмовах кантракта, новыя цягнікі павінны быць пастаўленыя да красавіка 2017 года. Яны будуць перавозіць пасажыраў з Масквы ў аэрапорты Дамадзедава і Унукава. У будучыні плануецца абнавіць рухомы састаў і на ветцы ў аэрапорт Шарамецьева.