Пад Смалявічамі заклалі першы камень Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка

19 июня 2014
Праект па сваіх маштабах з'яўляецца знакавым не толькі для Мінскай вобласці, але, увогуле, для краіны. Адзін з паказчыкаў гэтай значнасці - колькасць новых рабочых месцаў, якая вызначаецца сотнямі тысяч. Дарэчы, першая вытворчасць у парку можа з'явіцца ў наступным годзе. Між тым, рэзідэнтамі ўжо хочуць стаць адразу некалькі кампаній.

Аб грандыёзных планах і рэальных перспектывах - Аляксандр Харавец.

Вось ён - старт самага маштабнага праекта паміж Беларуссю і Кітаем. Фактычна з гэтага моманту пачынаецца будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка.

Міхаіл Мясніковіч, прэм'ер-міністр Беларусі: Гэта комплексны праект. Тут новыя тэхналогіі, тавары і зусім іншыя кадры. Будзем казаць пра новы тэхналагічны ўклад. Яны ў комплексе аб'яднаюць і інвестыцыі, і тэхналогіі, і новыя тавары.


Першы этап - стварэнне інжынерна-транспартных камунікацый. Паколькі інфраструктура павінна з'явіцца ў чыстым полі, працэс будзе працаёмкім.

Аляксандр Ярмак, кіраўнік адміністрацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка: Першая чарга асваення тэрыторыі - гэта пляцоўка 850 гектараў. Стартавая - 350. Зараз асноўная задача - забяспечыць гэту пляцоўку інжынернымі сеткамі.


Ужо сёння шэраг вядомых у свеце рэзідэнтаў выказалі жаданне пабудаваць тут свае высокатэхналагічныя прадпрыемствы. Дарэчы, для іх створаны асаблівыя прэферэнцыі. Найперш, рэзідэнты вызваляюцца ад усіх падаткаў на першыя 10 гадоў, наступныя 10 аплачваюць толькі палову.

Анатоль Тозік, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: З кітайскімі партнёрамі мы ствараем умовы для прыходу сюды суперсучасных кампаній. Гэта могуць быць і кітайскія кампаніі. У нас ёсць прапановы і ад паўднёвакарэйскіх, японскіх, еўпарапейскіх.


Жэнь Хунбін, старшыня праўлення машынабудаўнічай карпарацыі (Кітай): Наколькі я ведаю, карпарацыя Хуавэй і ЗТЕ ўжо заключылі пагадненні аб размяшчэнні сваіх вытворчасцяў у парку. І гэта толькі пачатак. Мы вельмі высока ацэньваем перспектывы індустрыяльнага парка. Кітай мае шматгадовы вопыт па стварэнні такіх паркаў. А ваш мае выдатнае геаграфічнае размяшчэнне і добрую транспартную інфраструктуру.

У першую чаргу тут пабудуюць адміністратыўна-выставачны комплекс, дзе будуць размяшчацца і офісы кампаній-рэзідэнтаў. А праз 30 гадоў індустрыяльны парк павінен стаць міжнародным эка-горадам з акцэнтам на высокатэхналагічныя і інавацыйныя вытворчасці.

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк - асаблівая эканамічная зона. Яе правобразам стаў праект у кітайскім Сучжоу. Уся тэрыторыя - а гэта 8 тысяч гектараў - будзе падзелена на некалькі функцыянальных зон: вытворчая, жылая, офісная і гандлёва-забаўная. Тут жа размесцяцца фінансавы і навукова-даследчы цэнтры.

Першая вытворчасць на тэрыторыі тэхнапарка з'явіцца ўжо ў наступным годзе. Увогуле ж, у найбліжэйшыя 5 гадоў тут асвояць амаль 6 мільярдаў долараў інвестыцый.