Перадавыя агратэхналогіі і комплексны падыход: у АПК "АграМАЗ" разлічваюць на добры ўраджай

11 июля 2022

Якасная нарыхтоўка кармоў, а значыць рэнтабельная жывёлагадоўля. Узорная ўборка збожжавых - у выніку харчовая бяспека. У гаспадарцы "АграМАЗ" Бярэзінскага раёна прывыклі рабіць па максімуме. Зараз аграрыі займаюцца другім укосам траў і рыхтуюцца да жніва. Дарэчы, ураджайныя перспектывы абяцаюць не толькі азімыя каласавыя, высокай аддачы чакаюць ад кукурузы.

Пра агратэхналогіі і комплексны падыход у АПК Алена Вітко.

Рэнтабельная жывёлагадоўля

Жывёлагадоўля для гаспадаркі "АграМАЗ" - вектар прыярытэтны. Толькі за апошнія два гады для вырошчвання бычкоў, напрыклад, пабудавалі чатыры навесы. Усяго ж пагалоўе больш за 5 тысяч. Амаль 1 200 з іх - гэта дойны статак. За суткі кожная карова дае 21 літр малака класа "экстра". Такія шчодрыя "белыя рэкі" пачынаюцца з якаснага рацыёну.

Якасная кармавая база

Зараз у траншэю закладваюць зялёны мікс другога ўкосу. Добрую масу чакаюць і ад трэцяга. Травы тут вырошчваюць на плошчы паўтары тысячы гектараў.

Ураджайныя перспектывы

Столькі ж пад збожжавым клінам: жніво стартуе ў найбліжэйшыя дні. Дарэчы, з палёў першы ўраджай адправіцца на новую зернесушылку.

Стаўка на азімыя культуры

У гэтым сезоне аграпрадпрыемства, што ў структуры Мінскага аўтамабільнага завода, хлебны каравай чакае вагой амаль 5 тысяч тон. Перш за ўсё камбайны выйдуць на палі з азімым ячменем. Культура перспектыўная - плошчы павялічаць удвая.

На чарзе пшаніца, жыта, трыцікале. Стаўку нязменна робяць на азімыя культуры. Яны найбольш устойлівыя і ўраджайныя.

Задача - якасна правесці ўборку

Сабраць трэба кожнае зярнятка. Каб пазбегнуць страт, механізатары правяраюць тэхніку. Кожную дэталь уважліва агледзеў і Аляксей Цэдрык - камбайнер амаль з 30-гадовым стажам. Па намалоце пераадолець настроены мінімум двухтысячную мяжу.

Працы хопіць і на кукурузных плантацыях. Гэта 1 300 гектараў - на зерне і сілас. Ад раслін, якія ўжо вышэйшыя за два метры, чакаюць рэкордаў.

Да зямлі гаспадарскі падыход

У гаспадарцы "АграМАЗ", што ў Бярэзінскім раёне, прывыклі атрымліваць максімум. Гэта не толькі жніво ці нарыхтоўка кармоў. Па-гаспадарску падыходзяць да кожнага ўчастка. Развіваюць, напрыклад, пчалярства і рыбалоўныя ўгоддзі. Вадаём ачысцілі і добраўпарадкавалі, а на беразе з'явілася камфортная інфраструктура. Па добры ўлоў з 20-ці відаў рыбы сюды прыязджаюць з усіх рэгіёнаў.