Мадэрнізацыя прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі працягваецца ў Мінскай вобласці

11 марта 2016

Сёлета на гэтыя мэты плануецца накіраваць не менш за 10 трыльёнаў рублёў. Аддача ад перааснашчэння больш за ўсё прыкметная ў такіх сферах як машынабудаванне, хімічная вытворчасць, а таксама аграпрамысловы комплекс. Буйныя інвестпраекты рэалізуюць перапрацоўшчыкі мяса і малака. Якія новыя падыходы сёння прымяняюць у Крупскім раёне, раскажа Аляксей Кандраценка.

Зручнае месцазнаходжанне, якасныя паслугі і ветлівы персанал. У новым аб'екце прыдарожнага сэрвісу на трасе М-1 не сталі шукаць арыгінальную формулу поспеху. Да той, што ўжо эфектыўна дзейнічае, дадалі свае бонусы.

Сёння абнаўляецца і аграпрамысловы комплекс Крупскага раёна. Новы камбікормавы завод у гаспадарцы «Кляновічы» - аб'ект, які ажывіць працу аграрыяў, а разам з ёй павялічыць вытворчасць мяса і малака. Тут надоі і без таго высокія - звыш 6 тысяч літраў за год на адну карову. А ўсе працэсы на заводзе максімальна аўтаматызаваныя.

На чарзе і мадэрнізацыя Крупскага льнозавода - аднаго з найбуйнейшых у краіне. Пакуль жа тут штогод перапрацоўваюць 4 тысячы тон ільнотрасты, з якой затым атрымліваецца льновалакно.

А вось так выглядаюць куліткі - сыравіна, якая накіроўваецца на Аршанскі льнокамбінат. Гэта адзінае месца у Беларусі, дзе з яе робяць тканіну для адзення.

Такім чынам 60 % прадукцыі з Крупак застаецца ў Беларусі, 40 - экспартуецца ў Расію і Кітай.

У цэлым жа многія прадпрыемствы Мінскай вобласці за кошт мадэрнізацыі і правільнай стратэгіі развіцця набралі значную вагу. Гэта не толькі АПК, але і фармацэўтыка, машынабудаванне, харчовая галіна. Тэмп росту прамысловасці за 5 гадоў - амаль 136 %. Той выпадак, калі такую масу скінуць ніяк нельга. Бо за лепшым вынікам у Беларусі - карпатлівая праца кожнага з 22 раёнаў.