Мільярд восемсот мільёнаў долараў зарабіла Беларусь на экспарце сельгаспрадукцыі

14 ноября 2017

Мільярд восемсот мільёнаў долараў зарабіла Беларусь на экспарце сельгаспрадукцыі за дзевяць месяцаў года, а аб'ём продажаў павялічыўся больш як на 10 працэнтаў. У гэтыя дні ўсё багацце беларускага малочнага, мяснога і хлебнага рынку паказана на выставе "Прадэкспа". Як адзначана, сярод нашых пакупнікоў сёлета і 5 новых краін: Панама, Егіпет, Манголія, Аўстрыя і Фінляндыя. Беларусь нарошчвае пастаўкі і на традыцыйных рынках, напрыклад, расійскім. Па-ранейшаму трымаем там пазіцыі па малочнай і сырнай прадукцыі, нягледзячы на планы партнёраў павялічыць долю сваіх тавараў на ўнутраным рынку.

Леанід Марыніч, першы намміністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі: "Мы працуем над дыверсіфікацыяй экспарту, таму пацверджанне тое, што мы ў цэлым за 9 месяцаў знізілі пастаўкі ў асноўны рэгіён - гэта Расію. Калі раней мы пастаўлялі 94-96 працэнтаў з усяго аб'ёму экспарту, сёння гэта складае 90,2 працэнта. Гэта значыць практычна на тры працэнты ў нас залежнасць ад расійскага рынку сышла, і мы працуем напружана над засваеннем новых рынкаў збыту".

На Прадэкспа вытворцы чакаюць і новых патэнцыяльных пакупнікоў з блізкага і далёкага замежжа, абмяркоўваюць пытанні рыначнай канкурэнцыі.