Міжнародны эканамічны форум у Брэсце прымае бізнес-дэлегацыі з 12 краін

19 мая 2022
У сталіцу дзелавых перамоў на два дні ператварыўся Брэст: там праходзіць міжнародны эканамічны форум, на які з'ехаліся бізнес-дэлегацыі з дванаццаці краін, у тым ліку Манголіі, Польшчы, Расіі, Фінляндыі. І яшчэ дзве краіны ўдзельнічаюць анлайн. Напярэдадні быў этап знаёмства з камерцыйным патэнцыялам вобласці, а сёння бізнесмены робяць канкрэтныя крокі ў супрацоўніцтве. На кантактна-кааперацыйнай біржы прайшло семдзесят перамоў. Асноўнымі напрамкамі сталі адкрыццё сумесных вытворчасцяў, пастаўкі лесаперапрацоўчай тэхнікі і сельгаспрадукцыі. Па словах экспертаў, у найбліжэйшы час рэгіён узмоцніць эканамічнае супрацоўніцтва з азіяцкімі краінамі. Узаемную цікавасць падмацоўваюць і дыпламатычнымі сувязямі: у Брэст прыехаў пасол Індыі. На сустрэчы з губернатарам ён расказаў, што менавіта ў вобласці цікавіць кампаніі з Паўднёвай Азіі.

Перамовы прадстаўнікоў беларускага і замежнага бізнесу прадоўжацца і на наступным тыдні.