Дзяржпраграма інавацыйнага развіцця Беларусі дапоўнена новымі праектамі

8 августа 2019

Больш за два дзясяткі аб'ектаў указам Прэзідэнта ўключаны ў інавацыйную праграму  да 2020 года. Сферы абсалютна розныя - ад ноу-хау у фармацэўтыцы, аграрных тэхналогіях, вытворчасці прадуктаў харчавання  да апгрэйду беспілотнікаў і новаўвядзенняў у цяжкай прамысловасці. У гэтым спісе  ёсць і вельмі незвычайныя інвестпраекты, напрыклад, будаўніцтва цэнтра па развядзенні коз у Дзяржынскім раёне. Надзея Сербіненка  вывучыла спіс прадпрыемстваў, якія трапілі ў дзяржпраграму.

Праектам, якія трапілі ў дзяржпраграму інавацыйнага развіцця Беларусі, шмат у чым пашанцавала. 20 прадпрыемстваў атрымаюць магутную фінансавую падтрымку. Грошы будуць накіраваны на абнаўленне вытворчасцяў, закупку высокатэхналагічнага абсталявання. Гэта  ў прамым сэнсе  інвестыцыя ў будучыню. 

Адзін з інвестыцыйных праектаў  рэалізуецца ў Дзяржынскім раёне на казінай ферме "ДАК". Сёння тут самы вялікі статак коз у краіне (каля тысячы) і рамесніцкі цэх па вытворчасці казінага ёгурта, тварагу і сыру. Гэта адзіны айчынны вытворца такіх прадуктаў, прадстаўлены ў буйных гандлёвых сетках. Астатняе  імпарт. Беларусы ўсё яшчэ прывыкаюць да прадуктаў з казінага малака.

У планах гаспадаркі сур'ёзна павялічыць пагалоўе. З мінулага года пачалося будаўніцтва козагадоўчага цэнтра. У інавацыйным комплексе размесціцца карусельная дойка, праграма кіравання статкам, якая будзе адсочваць прадукцыйнасць жывёлін, таксама прадугледжана індывідуальнае кармленне. Да кожнай казы  свой падыход.

Дзякуючы такім тэхналогіям Беларусь зможа выйсці на пазіцыі лідара па племянной гадоўлі і вытворчасці казінай прадукцыі ў рэгіёне. У планах нават выпуск першага ў краіне высакароднага сыру з белай цвіллю - камамбера - з казінага малака. 

Будаўніцтва козагадоўчага цэнтра ў Дзяржынскім раёне - удалы прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Фермеры, якія сталі на ногі самі,  зараз маюць патрэбу ў падтрымцы  для далейшага развіцця. І дзяржава такую падтрымку дае.

У спісе праектаў, якім будзе аказана фінансавая падтрымка, вытворчасць мясной прадукцыі і каўбас прэміум-сегмента па традыцыйных беларускіх рэцэптах - у Жодзіне. Таксама  выпуск поліфункцыянальных лекаў для хірургіі, арганізацыя банка стваловых клетак на базе НПЦ хірургіі і транспланталогіі. Розныя ноу-хау будуць укаранёныя і на прадпрыемствах Беллёгпрама і Акадэміі навук. 

Адно з прадпрыемстваў, якое таксама трапіла ў дзяржпраграму інавацыйнага развіцця - Барысаўскі кансервавы завод. На яго развіццё будзе выдзелена крыху  менш за паўтара мільёна рублёў. Мадэрнізацыя закране тэхналогіі ўпакоўкі. На змену традыцыйнаму шклу прыйдзе так званы дой-пак  з матэрыялаў больш кампактных і трывалых.

Інвестпраект закліканы ўдыхнуць у прадпрыемства новае жыццё і павысіць канкурэнтаздольнасць барысаўскага прадукту.

Дзяржпраграма інавацыйнага развіцця Беларусі была зацверджана ў 2017 і стваралася як платформа для падтрымкі перспектыўных праектаў, якія прынясуць свае дывідэнды ў будучыні. У пагоне за інавацыямі, паляпшэннямі паказчыкаў працы, эфектыўнасцю вытворчасцяў  знаходзяцца ўсе дзяржавы свету. І Беларусь у гэтым плане  на адной хвалі з прагрэсіўнымі краінамі. 

Сумы, што выдзяляюцца, для ўсіх прадпрыемстваў  розныя, але на буйных вытворчасцях фігуруюць інвестыцыі ў некалькі мільёнаў долараў. Для нашых прадпрыемстваў гэта выдатны фінансавы трамплін для магутнага эканамічнага скачку.