Гавана разлічвае на якасны і колькасны скачок у двухбаковым супрацоўніцтве з Беларуссю

10 января 2017

У гэтым годзе Гавана разлічвае на якасны і колькасны скачок у двухбаковым супрацоўніцтве з Беларуссю. Як адзначыў сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску пасол Кубы ў нашай краіне Херарда Суарэс Альварэс, за апошнія тры гады былі падпісаны важныя і дзейсныя пагадненні. Яны і дазваляюць захоўваць стабільны ўзровень тавараабароту, што набліжаецца да 70 мільёнаў долараў.

Херарда Суарэс Альварэс, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кубы ў Беларусі:

"Крэдытная лінія на 2017 год, якую даў Банк развіцця Рэспублікі Беларусь, склала 37 млн. долараў. Паміж нашымі краінамі падпісана пагадненне аб сустрэчным гандлі, згодна з якім у рамках гэтай крэдытнай лініі мы экспартуем у Рэспубліку Беларусь біятэхналагічную прадукцыю, біяфармацэўтычную, розныя прэпараты. У абмен атрымліваем розныя аўтазапчасткі і тэхніку вытворчасці МТЗ, запасныя дэталі МАЗ, цягачы, паўцягачы, трактары, аўтобусы, прадукцыю іншых прадпрыемстваў Белаграмаша".

Дыпламат падкрэсліў, што кубінскі бок актыўна праводзіць аналіз і вывучае магчымасці наладжвання ўзаемадзеяння і з рознымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі ў свеце, у тым ліку з ЕАЭС.