"Эканоміка дня"

17 сентября 2015

У студыі з "Эканомікай дня" наш эканамічны аглядальнік Андрэй Лапцёнак.

Па стаўцы барэля

Эксперты: вызначальнае значэнне для валют будзе мець цана на нафту незалежна ад таго, ці зменіцца стаўка ФРС

А вось калі ФРС пакіне стаўку нязменнай, але зробіць больш жорсткай рыторыку, напрыклад, адзначыць, што стаўка можа быць павышана ў снежні, рынак успрыме гэта рашэнне "нейтральна, без якіх-небудзь істотных рухаў", лічаць эксперты. У любым выпадку з нязменнай стаўкай варта чакаць усплёск аптымізму, у інвестараў зноў прачнецца апетыт да рызыкі. Ужо зусім хутка гэтая навіна стане галоўнай для фінансавых рынкаў.

Зрэшты, вызначальнае значэнне для валют краін, што сталі на шлях развіцця, усё роўна будзе мець цана на нафту, якая пакуль расце.

Адыгралася

Нафта маркі Brent ушчыльную падабралася да адзнакі $50

Сёння раніцай цана барэля нафты маркі Brent ушчыльную падабралася да адзнакі 50 долараў.

Дакладная лічба 49,83 долара за барэль. Аднак расійскія эксперты не думаюць суцяшацца.

У расійскім Мінфіне не выключаюць падзення нафтавых цэн да $20 за барэль. Праўда, намеснік кіраўніка Мінфіна Максім Арэшкін, які назваў гэту лічбу, удакладніў, што "кароткатэрмінова такі сцэнарый будзе магчымы". Арэшкін адзначыў, што ў выпадку падзення цэн на нафту да $20 выдаткі па здабычы нафты будуць вышэйшымі за прыбыткі, падзенне да такога ўзроўню выкліча закрыццё шэрагу радовішчаў, а рынак запатрабуе аб'ёмы здабычы, на якія будзе попыт.

Агульнае ўмацаванне расійскага рубля, што ідзе за нафтай, было прыкметным і на валютных таргах беларускай біржы. Сёння наша валюта крыху ўмацавалася да валютнага кошыка, хоць саступіла расійскай валюце крыху менш за рубель. Выніковыя суадносіны 269 рублёў 13 капеек за 1 рубель Расіі. Еўра ўмацаваўся на 16 рублёў. Яго курс на заўтра 19963 рубля. Але ў дачыненні да долара беларускі рубель умацаваўся на 83 рублі. Значэнне амерыканца 17636 рублёў.

Арэнда. Нядорага

Эксперты: у арандатараў шырокі выбар кватэр па разумных цэнах

Рынак арэнды сустрэў восень з неўласцівай стрыманасцю. Ажыятажу, як і росту арэндных ставак, не назіраецца. Сярод прычын эксперты называюць рост рынку прыватнага арэнднага жылля больш як на 40%. Сёння ў арандатараў шырокі выбар кватэр па разумных цэнах. Акрамя таго, паўплываў і рост аб'ёму дзяржаўнага арэнднага фонду. Усяго сёлета толькі ў сталіцы разлічваюць увесці ў эксплуатацыю каля 33 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля. Паводле звестак сталічных агенцтваў нерухомасці, сярэдні кошт арэнды кватэр: $240 за месяц для аднапакаёвых, $330 для двухпакаёвых і $350 для трохпакаёвых.

У сувязі з карэкцыяй курсу долара ўздыму арэндных ставак, разлічаных у валюце на найбліжэйшую перспектыву, не чакаецца. А вось іх зніжэнне цалкам імаверна.

Звольняць, як абяцалі

Deutsche Bank збіраецца звольніць чвэрць свайго персанала

Найбуйнейшы фінансавы кангламерат Германіі Deutsche Bank у рамках рэарганізацыі збіраецца звольніць чвэрць свайго персанала. Скарачэнні закрануць каля 23 тысяч чалавек, паведамляе агенцтва "Рэйтэр". Акрамя таго, Deutsche Bank збіраецца вывесці са сваёй структуры падраздзяленне Пост Банк, стварыўшы з яго асобную арганізацыю ў будучым годзе. Характэрна, што Джон Краэн, які ўзначальвае банк з чэрвеня 2015 года, у першы ж дзень выхаду на працу заявіў, што банк "скароціць размах актыўнасці", каб палепшыць свае фінансавыя вынікі. Сваё абяцанне ён выконвае.

Тэхналогіі як апраўданне

HP пад рэструктурызацыю бізнесу ва ўмовах зменлівага рынку тэхналогій скарачае штат

І яшчэ адно шумнае скарачэнне персанала. Звольніць кожнага дзесятага вырашылі ў Hewlett-Packard.

Працу страцяць да 30 тысяч чалавек. Кіраўніцтва кампаніі спрабуе рэструктурызаваць бізнес ва ўмовах зменлівага рынку тэхналогій. Да канца восені амерыканская карпарацыя афіцыйна падзеліцца на два падраздзяленні: адно з іх будзе займацца распрацоўкай кампанентаў для навукаёмістых тэхналогій, а другое будзе вырабляць персанальныя камп'ютары і прынтары.

Сумарна ў Hewlett-Packard у канцы кастрычніка 2014 года працавалі 302 тысячы чалавек. Абнаўленне праз звальненне павінна сэканоміць кампаніі шматлікія сотні мільёнаў долараў.

Каштоўны пластык

Выдаткі Вялікабрытаніі ў сувязі з пераходам на пластыкавыя грошы складуць $360 млн

Банк Вялікабрытаніі пачне выпуск новых пластыкавых купюр з 2016 года. Выдаткі брытанскіх магазінаў і банкаў на пераабсталяванне ў сувязі з пераходам на пластыкавыя грошы абыдзецца Вялікабрытаніі ў $360 млн. Па памеры новыя купюры будуць на 15 % меншыя, чым зараз. Пры гэтым пластыкавыя грошы больш трывалыя, даўгавечныя і іх цяжэй падрабіць, паколькі яны забяспечаны дадатковымі ступенямі абароны, а выдаткі Цэнтрабанка Вялікабрытаніі на выраб банкнот скароцяцца на 100 млн фунтаў.

Некаторыя старыя мадэлі банкаматаў, гандлёвых аўтаматаў і тэрміналаў прыйдзецца цалкам замяніць, навейшыя версіі будзе дастаткова перанастроіць кваліфікаваным спецыялістам. Эксперты папярэджваюць, у пераходны перыяд магчымы дэфіцыт наяўных грошай.

Бітрубль?

У Расіі хочуць стварыць першую крыптавалюту

Трэнд сыходу ад папяровых грошай да пластыкавых або віртуальных становіцца ўсё больш папулярным. Міжнародны плацёжны сэрвіс Ківі працуе над стварэннем першай у Расіі крыптавалюты. Хочуць запусціць у 2016, прыдумалі нават назву - бітрублі. Між тым расійскі Мінфін супраць. Ведамства разглядае крыптавалюты як "нейкую цацку, якая можа несці сур'ёзныя рызыкі ў сэнсе адмывання, сыходу ад падаткаў".

"Падыход у нас такі - гуляйце ў біткойны колькі хочаце, але не трэба іх змяняць на нармальную валюту", заявіў намеснік кіраўніка расійскага Мінфіна Аляксей Майсееў. Чыноўнік дадаў, што тут трэба арыентавацца на сусветны вопыт.

Дарэчы, пра сусветны вопыт. Днямі, у Берне, сталіцы Швейцарыі, ужо ўсталяваны аўтаматы, дзе грамадзяне змогуць з лёгкасцю купляць і прадаваць біткойны.