Дэлегацыя Ульянаўскай вобласці знаходзіцца ў Брэсце з рабочым візітам

4 октября 2023

Перспектывы супрацоўніцтва Брэсцкай і Ульянаўскай абласцей вялікія. Такое меркаванне выказаў губернатар расійскага рэгіёна Аляксей Рускіх у рамках рабочага візіту ў Беларусь. На парадку - пытанні эканамічнага, культурнага і сацыяльнага кірункаў.

Сумесны вопыт у абласцей ёсць. На тэрыторыі Ульянаўскага рэгіёна дзейнічае філіял аднаго з найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў па вырабе дзіцячых цацак. Попыт каласальны.

У рамках сустрэчы дэлегацый двух рэгіёнаў падпісана некалькі пагадненняў. Сярод іх аб стратэгічным супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні ў рамках прамысловай кааперацыі і імпартазамяшчэння паміж беларускім 558-м авіярамонтным заводам і расійскім Цэнтрам кампетэнцый развіцця прамысловасці. У тым ліку падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве паміж кіраваннем спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама і Агенцтвам па турызме ва Ульянаўскай вобласці. 

Таксама сёння дэлегаты наведалі і некаторыя прадпрыемствы паўднёва-заходняга рэгіёна нашай краіны і вывучылі іх патэнцыял для далейшага супрацоўніцтва. Усяго Ульянаўская вобласць плануе заключыць 9 новых пагадненняў з беларускімі партнёрамі.

Прадстаўнікі дзвюх краін наведалі Брэсцкую крэпасць-герой, усклалі кветкі да Вечнага агню і ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай. Рэгіёны плануюць супрацоўнічаць і па пытанні патрыятычнага выхавання, арганізоўваць турабмены школьнікамі.