Больш за дзевяцьсот тысяч кубаметраў дроў рэалізавалі лясгасы вобласці летась

29 января 2016

Пятую частку альтэрнатыўнага віду паліва направілі на асабістыя падворкі жыхароў цэнтральнага рэгіёна. Менавіта ўзімку нарыхтоўка дроў у лясах узрастае на траціну.

Колькі сёння каштуе абагрэць звычайны дом дровамі і якія дрэвы часцей за ўсе адпраўляюцца ў печы, ведае Аляксандр Харавец. Дзень працы, тысячы ўзмахаў сякерай - і грузавік поўны дроў. З усім гэтым спраўляецца ўсяго адзін чалавек. І хаця ў лясгасе ёсць механічны калун, Сяргею Тэраміну даспадобы фізічныя нагрузкі. Мужчына прызнаецца: гэта лепшы спосаб трымаць сябе ў выдатнай форме.

Штодзень лясгас адгружае па тры машыны гатовай прадукцыі. Як правіла, гэта бяроза і алешына. Пяць кубоў дроў Міхаілу Нахаю абышліся амаль на два мільёны рублёў. Паводле слоў гаспадара, гэтага цалкам хопіць, каб абагрэць дом нават у самую сцюдзёную зіму.

Звычайна лясгасы прадаюць дровы ў розных варыяцыях. Гэта і двухметровыя бярвенні, і нарэзаныя калодкі. А таксама гатовыя да распальвання палены. Менавіта ад памераў і фарміруецца канчатковая цана на дровы.

Акрамя гэтага, лясгасы прапаноўваюць і эканамварыянт папаўнення павецяў дровамі. Кошт кубаметра ў такім разе складае ўсяго каля 10 000 рублёў.

Займацца нарыхтоўкай дроў жыхары цэнтральнага рэгіёна могуць і самастойна ў лесе. Для гэтага ў лясніцтвах адводзяць спецыяльныя ўчасткі, якія ідуць пад вырубку. Адно з галоўных патрабаванняў для такіх нарыхтоўшчыкаў – гэта чысціня, якую яны павінны пакінуць пасля сябе на дзялянцы.

Увогуле лясгасы цэнтральнага рэгіёна нарыхтавалі летась больш за дзевяцьсот тысяч кубаметраў дроў. 80% адправілі прадпрыемствам і арганізацыям вобласці, астатнюю частку - насельніцтву. Як кажуць ляснічыя, на дровы найперш ідуць дрэвы, што паваліліся ад ветру, і хворыя. Такім чынам нарыхтоўка такога альтэрнатыўнага віду паліва не толькі прыносіць цяпло ў дамы, але яшчэ і выконвае санітарную функцыю ў лясах.