Беларуска-германскі энергафорум прайшоў у Мінску

26 ноября 2015

Беларускія навукоўцы гатовыя падзяліцца з нямецкімі калегамі дасягненнямі ў галіне альтэрнатыўнай энергетыкі. У яе ліку сонечная, бія-, гідра- і ветраэнергетыка, а таксама вопыт укаранення цеплавых помпаў. Рэалізацыя сумесных энергапраектаў абмяркоўвалася на пляцоўцы Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Пра гэта заявілі ўчора падчас беларуска-германскага энергафоруму. У Беларусі ўжо паспяхова рэалізавана 46 праектаў у галіне гідраэнергетыкі. Сярод іх - Гродзенская ГЭС. У наступныя гады плануецца запусціць сонца- і ветраэнергетычныя станцыі сумарнай магутнасцю 15 мегаВат.

Леанід Шэнец, першы намеснік міністра энергетыкі Беларусі: "Мы пачалі актыўна працаваць з нямецкім энергетычным агенцтвам. Асабліва пасля падпісання рамачнага пагаднення. Наша праца актывізавалася. Як у плане інфармацыйнага забеспячэння, так і ў плане рэалізацыі праектаў. Калі паглядзець праекты, якія рэалізаваныя з тэхналогіямі нямецкімі, то ў генерацыі гэта займае 8,3%. Гэта сёння значная доля. Гэта як адзін з кірункаў дазволіла нам у апошнія гады скараціць выдаткі ў вытворчасці электрычнай і цеплавой энергіі".

Дзякуючы сумеснай беларуска-нямецкай энергакааперацыі выдаткі на набыццё энергіі за апошнія гады скараціліся на 300 мільёнаў долараў.