Беларусь надае вялікае значэнне супрацоўніцтву з Сусветным банкам

1 июня 2016

Беларусь разлічвае на падрыхтоўку новай стратэгіі партнёрства з Сусветным банкам да наступнага года.

У ёй павінны быць збалансаваныя інтарэсы і нашай краіны, і гэтай міжнароднай фінансавай арганізацыі. Беларусь удзячная Сусветнаму банку за падтрымку сумесных праектаў па вырашэнні найбольш актуальных задач эканамічнага развіцця і паляпшэнні якасці жыцця насельніцтва. Гэта заявіў сёння прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам рэгіёна Еўропы і Цэнтральнай Азіі Сусветнага банка Сірылам Мюлерам. Наша краіна надае вялікае значэнне супрацоўніцтву з банкам. І ў яго знаходзіць падтрымку. Сведчанне таму - вялікі партфель інвестыцыйных пазык.

Андрэй Кабякоў, Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь: "Для нас важны высокі экспертны патэнцыял банка ў правядзенні аналітычных даследаванняў па розных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця. Са свайго боку мы гатовыя прапанаваць значны назапашаны вопыт экспертаў канструктыўнай працы над сумеснымі праектамі і даследаваннямі. Упэўнены, што ўсё гэта дазволіць да 2017 года падрыхтаваць узважаную, эфектыўную новую стратэгію партнёрства на найбліжэйшую перспектыву".