Беларусь - Казахстан: вынікі афіцыйнага візіту А. Лукашэнкі ў Нур-Султан

26 октября 2019
У Нур-Султане Прэзідэнт   Аляксандр Лукашэнка і яго калега   Касым-Жамарт Такаеў задалі  высокую планку   адносінам дзвюх краін. Ад узмацнення прамкааперацыі да запуску сумеснага венчурнага фонду па падтрымцы стартапаў. Вядома, вынікі афіцыйнага візіту   ў Нур-Султан будуць падведзены па меры рэалізацыі дамоўленасцяў, але ўжо відавочна:  перамовы прайшлі паспяхова і дазволілі дзвюм эканомікам выйсці на новы ўзровень.

Для гэтага, бясспрэчна, створаны трывалы падмурак. Так, тавараабарот   набліжаецца да мільярда долараў. У гэтым напрамку рух неабходна прадоўжыць. Беларусь гатова разгледзець прапановы Казахстана па дасягненні збалансаванага гандлю. Пакуль жа назіраем дысбаланс на нашу карысць. 

Нараўне з прамысловай кааперацыяй (а акрамя зборачных вытворчасцяў беларускай сельгастэхнікі ў Казахстане гатовы сумесна выпускаць ліфты і збіраць МАЗы) дамовіліся нарошчваць супрацоўніцтва і ў іншых галінах эканомікі: сельскай гаспадарцы, транспарце і лагістыцы. Адна з галоўных тэм перамоў - пагадненне па пастаўках казахстанскай нафты ў Беларусь. Бакі пракансультуюцца з Расіяй,  паколькі транзіт чорнага золата прадугледжаны праз яе тэрыторыю. Калі краіны дамовяцца аператыўна, першыя пастаўкі нафты з Казахстана чакаем ужо ў наступным годзе. 

Усе дамоўленасці замацавалі на паперы. Гэта сумесная заява прэзідэнтаў,   дзе адлюстраваны прыярытэты на перспектыву, шэсць пагадненняў паміж урадамі дзвюх краін, плюс паўтара дзясятка камерцыйных кантрактаў ад бізнесу. Гэта кароткія вынікі беларуска-казахстанскага дыялогу. 

У Беларусі чакаюць Прэзідэнта Казахстана з  візітам  у адказ


Аляксандр Лукашэнка запрасіў свайго калегу ў наступным годзе наведаць з афіцыйным візітам Беларусь, што ў тым ліку дазволіць зверыць гадзіннікі і пракантраляваць выкананне дамоўленасцяў і  пагадненняў. Сімвалам доўгатэрміновага і стратэгічнага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі стала афіцыйнае адкрыццё ў Нур-Султане новага пасольства Беларусі. Гэта архітэктурны ансамбль дыпмісіі. Тут не толькі адміністрацыйны будынак, але і жыллё для супрацоўнікаў і некалькі гасцінічных нумароў.