Жыхары аднаго з дамоў у Рэчыцы не могуць трапіць ва ўласны склеп

28 сентября 2016

Жыхары аднаго з дамоў у Рэчыцы вось ужо каторы месяц не могуць трапіць ва ўласны склеп. З-за падтапленняў і забівання каналізацыі захоўваць штосьці ў памяшканні немагчыма. А сырасць і пах адчуваюцца нават на верхніх паверхах. Жыхары ўпэўненыя: прычына ў старых трубах, а камунальшчыкі, што вінаватыя самі людзі. Дык хто ж мае рацыю? У сітуацыі разбіраўся Аляксей Немаў.

У падвал жыхары гэтага дома практычна не заходзяць. Гавораць, вада з каналізацыі часам паднімаецца да самых прыступак. І нават калі сыходзіць - пакідае пасля сябе пах, сырасць і бруд.

Тут ужо даўно ніхто нічога не захоўвае. А вось дзверы ўвесь час адчыненыя. Гэта адзіная магчымасць хоць неяк праветрыць і прасушыць памяшканне.

Яшчэ адной праблемай жыхароў сталі тараканы, якія ўжо практычна прапісаліся ў кватэрах. Людзі ўпэўненыя: гэта з-за сырасці. Вада ў падвале, паводле слоў Надзеі Таран, з'яўляецца рэгулярна. І праблемы разам з ёй таксама.

Жыхары гавораць, прычына ўсіх бед - старыя трубы. Дому ўжо больш за 30 гадоў. А вось камунальшчыкі ўпэўненыя: вінаватыя самі людзі. У пад'ездзе ўсяго год назад замянілі сцёк каналізацыі. Тады забіванні спыніліся, праўда, ненадоўга.

У райвыканкаме аб праблеме ведаюць. Яе рашэнне - гэта таксама праблема, але ўжо для камунальшчыкаў. Якія, як і самі жыхары, не жадаюць прызнаваць сваёй віны.