У Мінску высвятляюць акалічнасці страшнай аварыі

13 мая 2016

Напярэдадні вечарам на вуліцы Магілёўская аўтамабіль Citroen збіў дзвюх дзяўчат-пешаходаў. Адна з іх загінула на месцы. Другая памёрла сёння раніцай у бальніцы - урачы змагаліся за яе жыццё ўсю ноч. Як высветлілася, студэнткі накіроўваліся ў царкву па тратуары, калі машына на вялікай хуткасці заскочыла на пешаходную зону, збіла іх і ўрэзалася ў дрэва. Удар быў такой сілы, што пешаходаў перакінула праз праезную частку на процілеглы бок. Загінуўшым было па 20 гадоў. Адна дзяўчына вучылася ў педуніверсітэце, другая - у тэхналагічным. Як растлумачылі ў ДАІ, за рулём Citroen быў 50-гадовы мужчына. У момант аварыі вадзіцель быў цвярозы. Узбуджана крымінальная справа. Следчыя апытваюць сведак.