У Чавускім раёне пайшоў пад ваду аўтамабільны мост

14 марта 2016

У Магілёўскай вобласці працягваюць фіксаваць выпадкі падтапленняў, выкліканых раставаннем снегу і паводкамі. У Чавускім раёне з-за падняцця вады ў рацэ Проня пайшоў пад ваду аўтамабільны мост. Абышлося без пацярпелых. Пік паводкі прыпаў на начныя гадзіны. Аператыўна адрэагавалі ратавальнікі, камунальныя службы. Зараз на месцы ідуць аднаўленчыя работы.

З месца падзеі Андрэй Ястрабаў.

Гэты мост цераз раку Проня знаходзіцца за 15 кіламетраў ад райцэнтра. Менавіта цераз яго ў аддаленыя вёскі ідуць аўтакрамы і хуткая дапамога.

Вада ў рацэ Проня стала прыбываць яшчэ ў пятніцу. І да апоўдня нядзелі яна цалкам накрыла мост, пакінуўшы без транспартнай сувязі жыхароў адразу трох вёсак.

Будаваўся мост першапачаткова з прыстаўкай "нізкаводны". Падтапляе яго з тых часоў амаль штогод. Але сённяшнія 30 сантыметраў над узроўнем моста аказаліся самымі нізкімі за ўвесь час назіранняў.

Ігар Шпаковіч, старшы інжынер Чавускага РАНС:

"Былі гады, калі і да 80 даходзіла, калі вышэй за мост паднімалася. Супрацоўнікі РАНС сумесна з зацікаўленымі службамі ажыццяўлялі дастаўку ежы, медыкаментаў пры дапамозе выратавальнай лодкі. Можна сказаць, што дадзеная сітуацыя не крытычная".

У нядзелю вада стала спадаць, ужо сёння аўтамабільныя зносіны наладжаны.

Камунальнікі працягваюць аднаўленчыя работы на месцы здарэння. Галоўным чынам, дапамагаючы вадзе без затораў увайсці ў рэчышча. Усяго ж па Магілёўскай вобласці ў зоне рызыкі - 17 дарог, 10 мастоў і больш за тысячу домаўладанняў. Ім гэтай вясной - асаблівая ўвага. Раённыя камісіі па надзвычайных сітуацыях вядуць кругласутачны маніторынг для прыняцця аператыўных мер.