Суд Жодзіна сёння вынес прысуд па гучнай справе крадзяжоў з БелАЗа

17 января 2017

Ад трох з паловай да шасці гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Суд Жодзіна сёння вынес прысуд па гучнай справе крадзяжоў з БелАЗа. Аб крадзяжы аўтазапчастак стала вядома летась у лютым. Пяць работнікаў прамысловага гіганта арганізавалі злачынную групу і вывозілі з тэрыторыі завода запчасткі, вузлы і агрэгаты да аўтамабільнай і кар'ернай тэхнікі. У злачынную схему ўваходзілі 9 чалавек. Сямёра з іх прызнаныя вінаватымі па артыкуле "Крадзеж, учынены арганізаванай групай у асабліва буйным памеры". Яшчэ двое - за саўдзельніцтва. Сума ўрону, прычыненага заводу, склала каля 120-ці тысяч рублёў, частку гэтых грошай зламыснікі ўжо пакрылі.

Тэрміны, якія прызначылі падсудным, адрозніваюцца ад тых, якія запытваў дзяржабвінаваўца. На думку пракурора, арганізатараў злачыннай схемы трэба было асудзіць ад васьмі да дзевяці гадоў пазбаўлення волі. Абвінавачанне яшчэ можа абскардзіць прысуд.