СК завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні ўрача

16 июля 2015

Гэтая праблема ці то з разраду злачыннай халатнасці, ці то банальнага непрафесіяналізму - трэба разабрацца суду. Следчы камітэт па Віцебскай вобласці завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні ўрача Дубровенскай цэнтральнай раённай бальніцы. Нагадаем, у ліпені мінулага года 11-гадовы хлопчык зламаў руку ў лагеры. Урач налажыў дзіцяці гіпс, але, як высветлілася, не ў поўнай меры выканаў свае абавязкі. У выніку чаго хлопчыку ампутавалі руку. Падрабязнасці - у Марыны Раманоўскай.

Святлана Мушаценка ў тое, што здарылася не можа паверыць дагэтуль. Мінулым летам яе 11-гадовы сын адпачываў у дзіцячым лагеры, там выпадкова зламаў руку. Урачы дыягнаставалі закрыты пералом.

Па медыцынскую дапамогу звярнуліся ў Аршанскую цэнтральную паліклініку. Падлетку налажылі гіпс. Пазней у хлопчыка паднялася тэмпература, а боль толькі ўзмацніўся.

Літаральна праз пару дзён пасля аказання медыцынскай дапамогі стан хлопчыка пагоршыўся. Маці прывяла 11-гадовага Стаса на прыём да хірурга ў Дубровенскую цэнтральную раённую бальніцу.

У той дзень пацыентаў прымаў загадчык хірургічнага аддзялення. Урач агледзеў дзіця, але ніякіх ускладненняў не ўбачыў. Хоць боль быў ўсё мацнейшы. А праз некалькі дзён прыйшлося ратаваць ужо не руку, а жыццё хлопчыку. У падлетка развілася гангрэна. Руку ампутавалі.

Следства па гэтай гучнай справе доўжылася практычна год. Праведзеныя найскладанейшыя экспертызы. Разабрацца ў тым, што здарылася дапамагалі лепшыя спецыялісты.

Пра леташнія канікулы Стас імкнецца не ўспамінаць. Зараз замест левай рукі ў хлопчыка пратэз. Прывыкаць да якога дзіцяці прыйдзецца яшчэ вельмі доўга. Хірургу ж пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.