Жахлівае здарэнне. Следчыя высвятляюць прычыны гібелі немаўляці

8 февраля 2019

Новыя падрабязнасці гібелі дзіцяці ў сталічным мікрараёне Серабранка. Хлопчыку было ўсяго пяць месяцаў. Згодна з непацверджанай інфармацыяй, прачнуўшыся раніцай, мама дзіцяці не ўбачыла сына ў ложку. Пазней яго цела знайшлі пад вокнамі дома на праспекце Ракасоўскага. Нагадаем, трывожны званок на лінію 102 паступіў сёння а палове на дванаццатую дня. Паведамлялася, што на шыі немаўляці была зацягнута пятля. На месцы надзвычайнага здарэння працавалі міліцыя, следчыя і эксперты.

Ілья Басько, афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі:

"УСК па горадзе Мінску па факце выяўлення цела дзіцяці з прыкметамі гвалтоўнай смерці ля дома, размешчанага на праспекце Ракасоўскага, узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса. Гэта забойства. Следча-аператыўная група, супрацоўнікі міліцыі разам са спецыялістамі ДКСЭ, а таксама следчымі працягваюць разбірацца ў акалічнасцях трагедыі".

Па словах відавочцаў, праваахоўнікі затрымалі дваіх мужчын і адну жанчыну. Аднак аб узяцці пад варту падазроных па гэтай справе ў Следчым камітэце не паведамляюць.