Падрабязнасці трагедыі ў Барысаве

28 января 2016

Адной з прычын гібелі людзей у Барысаве мог стаць чадны газ, які сабраўся ў сістэме вентыляцыі і дымавых каналах. Нагадаем, у адной са шматпавярховак задыхнуліся 6 чалавек. Першымі знайшлі целы пажылых мужчыны і жанчыны. Іх сын выклікаў ратавальнікаў, каб узламаць дзверы, бо бацькі не выходзілі на сувязь. Пазней паверхам ніжэй знайшлі целы яшчэ чацвярых, у тым ліку дваіх дзяцей (10 і 17 гадоў). Здымачнай групе АТН удалося пагутарыць з галоўнымі відавочцамі і даведацца аб падрабязнасцях здарэння. Бо як стала вядома, трывогу жыхары забілі напярэдадні. Рэпартаж з месца трагедыі Аляксандра Савенкі.

Гэта дзяўчына першай забіла трывогу яшчэ напярэдадні ў 7 раніцы. У жыллі моцна адчуваўся непрыемны пах нейкага газу.

За дзень дзяўчына 2 разы выклікала газавую службу і 3 разы звярталася ў ЖЭС. Супрацоўнікі службы 104 прыходзілі, правяралі прыборам вентыляцыю на прадмет уцечкі газу і разводзілі рукамі, маўляў, нічога сур'ёзнага. Аналагічны адказ быў у камунальнікаў.

Пра тое, што адбылася трагедыя, усе даведаліся ад сына пажылой пары, якая пражывала на 3-м паверсе. Ён знайшоў мёртвых бацькоў і паведаміў пра гэта на 102.

Як пераконваюць суседзі, у пад'ездзе загінулі ўсе, хто пражываў ніжэй за 4 паверх і толькі на адным баку лесвічнай пляцоўкі. На трэцім паверсе загінула пажылая пара, на другім - сям'я з 4 чалавек. І толькі пашанцавала тым, хто пражывае на першым паверсе. Іх не было дома. Мяркуючы па ўсім, смяротны газ прасоўваўся па вентыляцыі.

Як гавораць у службе 104, магчымай прычынай гібелі людзей магло стаць атручэнне чадным газам з-за няправільнай працы дымахода. Спецыяльных прыбораў, каб выявіць прадукты гарэння, у мясцовых спецыялістаў няма.

Аляксей Волкаў, першы намеснік старшыні Следчага камітэта Беларусі: "Следствам разглядаюцца розныя версіі здарэння, у тым ліку і няспраўнасць газавага абсталявання. Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле "Службовая халатнасць".

Зараз следчыя правяраюць усю дзейнасць мясцовай газавай службы. Канфіскавана адпаведная дакументацыя. Таксама праводзяцца экспертызы. Аб сапраўднай прычыне здарэння будзе вядома пазней. На дадзены момант затрыманых па гэтай справе няма.