Пад Мінскам марадзёры разрабавалі гістарычны будынак

17 августа 2016

Усяго за месяц яны вынеслі ўсё, што толькі можна. Узломвалі дзверы, разбівалі шкло. Злачынным нападзенням падвергнулася старажытная сядзіба і былая школа-інтэрнат у аграгарадку Сёмкава. Прадухіліць крадзяжы і захаваць хоць бы сцены зараз спрабуюць валанцёры. На месца падзей адправілася Алена Борматава. Даведаемся - ці застанецца марадзёрства бяспакараным?

Старажытная сядзіба Адама Хмары - апошняга мінскага ваяводы. Калі рабіць паралель з сучаснымі пасадамі - губернатара вобласці. Палац узводзіў вядомы італьянскі архітэктар Пампані.

Павел Каралёў, экскурсавод, валанцёр: "Да вайны тут быў створаны дзіцячы дом, і ў вайну дзеці засталіся пад наглядам мясцовых жыхароў. І трэба сказаць, што быў вельмі складаны час, у дзяцей нават бралі кроў немцы для папаўнення крыві сваіх раненых".

Партызаны ў лютым 1944-га вывезлі дзяцей. Аб чым сведчыць памятная шыльда. Яшчэ адна мемарыяльная пліта была знойдзена валанцёрамі падчас расчысткі тэрыторыі. Яе ў 1804 годзе ўсталяваў Адам Хмара разам з братам Яўхімам у гонар сваіх бацькоў. Пасля вайны будынак быў у аварыйным стане, таму для інтэрната на тэрыторыі гістарычнага комплексу ўзвялі новыя карпусы. У 2002-м школу-інтэрнат расфарміравалі. Нерухомасць была перададзена аднаму з грамадскіх аб'яднанняў, якое займалася пэўнай гуманітарнай місіяй. Сённяшніх апекуноў нам дакладна ніхто не змог назваць.

І гэта ўсяго за месяц. Да мая тут быў вартаўнік. А затым сачыць за тэрыторыяй сталі былыя супрацоўнікі і валанцёры. Знаходзіцца кругласутачна яны не могуць. Паставіць ахову не мае права і Папярнянскі сельсавет, да якога тэрытарыяльна адносіцца Сёмкава.

Мікалай Гільніч, старшыня Папярнянскага сельскага савета: "Юрыдычна, тэрытарыяльна яно на нашай тэрыторыі знаходзіцца, але, самі разумееце, я павінен запытаць з гаспадара за парадак, за ўсё астатняе. А ўлічваючы тое, што на сённяшні момант няма гэтага гаспадара, вось і ідзе такая безгаспадарчасць".

Валанцёры вешаюць замкі на плот, дзверы. Забіваюць уваходы ў будынак, разбітыя вокны. Безвынікова. Праходзяць суткі-другія - замкі спілоўваюць ці псуюць. Шыльды зноў выбіваюць і трапляюць у памяшканне.

У будынку разрабавалі літаральна кожнае памяшканне. Вось напрыклад, кабінет кіраўніцтва. Узарвалі дзверы. І яшчэ тыдзень таму тут знаходзіўся шыкоўны мэблевы скураны гарнітур. Знік не толькі ён. Вынеслі і камплект крэслаў. Разбіты вокны, закалачвалі іх ужо валанцёры.

Выдраны шчыткі, выкрадзены душавыя кабіны і сантэхніка, сейфы з каштоўнымі духоўнымі кнігамі. Выварачаны шафы. Зніклі нават матрацы. Халадзільнікі разабраны на металалом. Пакінулі толькі карпусы. А на сценах засталіся невялікія абразы. Святыні рабаўнікоў не цікавілі.

Праваахоўныя органы не выключаюць, што будзе ўзбуджана крымінальная справа. Між тым, Сёмкава - адзін з аб'ектаў не толькі турыстычнай, але і культурнай нацыянальнай спадчыны. Тут бываў славуты пейзажыст Напалеон Орда. На бровары працаваў першы народны паэт Янка Купала, а другі народны пясняр - Якуб Колас - быў бухгалтарам на вучэбнай ферме Беларускага інстытута сельскай гаспадаркі.