Надзвычайнае здарэнне ў Гродзенскім раёне

11 февраля 2016

33 школьнікі з аграгарадка Рацічы шпіталізаваны ў Гродзенскую абласную дзіцячую бальніцу. Званкі ў хуткую сталі паступаць каля апоўдня - дзеці скардзіліся на млоснасць, слабасць і болі ў жываце. Чатыры школьнікі знаходзяцца ў рэанімацыі. Папярэдні дыягназ - "атручэнне невядомым рэчывам". Усе акалічнасці высвятляюць следчыя групы, з Мінска накіраваны спецыялісты-медыкі. На месца здарэння выехала і наша здымачная група.

Расказвае Дзмітрый Смірноў. Школьнікаў з аграгарадка Рацічы прыняла Гродзенская абласная дзіцячая бальніца. Сімптомы ва ўсіх былі практычна аднолькавыя - млоснасць, слабасць, галаўны боль. Скардзіліся дзеці і на боль у жываце.

Выклікі на пульт хуткай дапамогі сталі паступаць у 12 гадзін дня. У Рацічы выехалі восем брыгад медыкаў. Ужо да 15 гадзін у бальніцу шпіталізавалі 15 дзяцей. Вечарам іх было ўжо 35. Усім аказалі першую неабходную дапамогу. Чацвёра дзяцей трапілі ў рэанімацыю ў стане сярэдняй ступені цяжару. Астатнія - у адносна здавальняючым стане.

Каб усталяваць дыягназ і аказаць дапамогу дзецям, выехалі медыкі з Мінска. Спецыялісты рэспубліканскіх арганізацый аховы здароўя, таксіколаг, дзіцячы анестэзіёлаг-рэаніматолаг, інфекцыяніст і неўролаг.

У Гродна адправіўся і намеснік Міністра аховы здароўя Беларусі Ігар Ласіцкі. На тэрыторыі школы ўвесь дзень працавалі медыкі, спецыялісты з міліцыі, МНС і газавай службы. Папярэдне разглядаюцца 2 версіі - харчовае атручэнне і другая, звязаная з працай школьнай кацельні.

Таксама да справы падключыліся спецыялісты Следчага камітэта і пракуратуры. Толькі пасля дэталёвай праверкі будзе ўсталявана прычына здарэння. Усе дзеці будуць знаходзіцца пад назіраннем медыкаў яшчэ як мінімум суткі.