Сямейныя гісторыі

2 кастрычніка ў эфіры тэлеканала "Беларусь 2" стартуе прэм'ера - дакудраматычны серыял вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі "Сямейныя гісторыі". Аўтары цыкла прапаноўваюць тэлегледачам убачыць жыццё рэальных людзей і яшчэ раз пераканацца ў тым, што ўсё таемнае становіцца відавочным.

Каханне, рэўнасць, здрады, адзінота, злачынствы і пакаранні, прыёмныя дзеці, несправядліва падзеленая спадчына - у родавым архіве кожнай сям'і беражліва захоўваецца не адзін дзясятак такіх гісторый. Але ўжо ў наступных пакаленнях гэтыя таямніцы могуць выявіцца самым непрадказальным чынам. Мы прывыклі берагчы нашы шкілеты ў шафе, але настае момант, калі іх назапашваецца вельмі шмат, і сакрэты пачынаюць масава вывальвацца з сямейнага сховішча.

У аснове кожнага фільма "Сямейных гісторый" рэальныя жыццёвыя аповеды. Гэта як натхняльныя гісторыі поспеху, так і сітуацыі, якія не маюць выйсця. Аўтары праекта сумесна з запрошанымі высокакваліфікаванымі спецыялістамі: псіхолагамі, педагогамі, юрыстамі, медыкамі - прапаноўваюць дастаць шкілеты з шафы і разабраць іх па костачках. Бо паглядзеўшы на праблемы іншых, лягчэй вырашыць уласныя, а часам і зусім пазбегнуць іх.