Дзіцячае "Еўрабачанне-2018"

Кастынг вядучых для дзіцячага "Еўрабачання-2018"

кастынгу вядучых  для дзіцячага "Еўрабачання-2018"Галоўны медыяхолдынг краіны шукае яркіх, харызматычных і мэтанакіраваных людзей - дарослых і дзяцей ва ўзросце ад 9 да 14 гадоў, якія не баяцца цяжкасцей і гатовыя прайсці ўсе этапы адбору, каб стаць вядучымі адной з галоўных музычных падзей Еўропы - дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018".

Кандыдаты павінны:
- выдатна валодаць англійскай мовай, 
- умець трымацца на сцэне, 
- цудоўна імправізаваць, 
- працаваць у кадры, 
- мець за плячамі вопыт працы ў прамым эфіры,
- ўдзел у буйных тэлевізійных праектах.

Па выніках кастынгу арганізатары выберуць вядучых, якія найбольш гарманічна ўпішуцца ў агульную канцэпцыю музычнага форуму. Перад шчасліўчыкамі будзе стаяць няпростая задача: працаваць на асноўнай сцэне для шматмільённай аўдыторыі тэлегледачоў і паралельна размаўляць з удзельнікамі ў грын руме, таму што менавіта там самыя яркія моманты і шчырыя эмоцыі.

Каб паўдзельнічаць у адборы, прэтэндэнтам неабходна даслаць сваю фатаграфію і кароткі прэзентацыйны ролік з аповедам пра сябе на электронны адрас: eurovision@tvr.by. Галоўныя крытэрыі відэа - крэатыўнасць, інфарматыўнасць і лаканічнасць.

Апошні дзень прыёму заявак - 15 ліпеня 2018 года. 

Імёны вядучых дзіцячага "Еўрабачання-2018" стануць вядомыя пасля таго, як экспертная група праекта пад кантролем ЕВС вывучыць відэазапісы ўсіх прэтэндэнтаў і вызначыць лепшых. 


Дзіцячае "Еўрабачанне-2018": Light Up! новыя зоркі!

Дзіцячае Еўрабачанне-2018Белтэлерадыёкампанія паказала арыгінальны лагатып і слоган дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018"!

Краіна - гаспадыня дзіцячага "Еўрабачання" выбірае сваю сімволіку - лагатып і запамінальны слоган, якія павінны стаць візітнай карткай і адметнай рысай форуму. Як правіла, графічна аформлены лагатып складаецца з індывідуальнага сімвала шоу і агульнага для ўсіх краін тэксту, напісанага арыгінальным шрыфтам Junior Eurovision.

Лагатып дзіцячага "Еўрабачання-2018" уяўляе сабою ўзыходзячую зорку, выкананую ў выглядзе перавернутых вертыкальна гукавых хваль у стылістыцы беларускага нацыянальнага арнаменту. Аўтар работы - дызайнер і адданы фанат конкурсу "Еўрабачанне" Максім Букас. Менавіта сімвал "Зорка" (слоган "Запальвай!"), на думку Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза, стаў лепшым сярод больш як 300 работ, якія паступілі ў адрас творчага конкурсу ідэй на распрацоўку лагатыпа і слогана цяперашняга дзіцячага конкурсу песні.

Паводле слоў самога дызайнера, крыніцай натхнення для яго стаў твор "Зорка Венера" Максіма Багдановіча, які ўвайшоў у нашу літаратуру як сучасны малады еўрапейскі паэт. Юныя ўдзельнікі конкурсу таксама прыедуць у Беларусь, каб гучна заявіць пра сябе і яркай зоркай пачаць свой творчы шлях на песенны небасхіл. Сугучным лагатыпу стане і слоган Light Up! ("Запальвай!"). 

Неўзабаве сімволіка дзіцячага "Еўрабачання-2018" з'явіцца на сувенірах, упрыгожыць транспарт і білборды ў беларускай сталіцы.

На падставе лагатыпа будзе рыхтавацца дызайн сцэны, макет галоўнай канцэртнай пляцоўкі, дызайн усіх дапаможных памяшканняў, дзе будуць знаходзіцца дэлегацыі, валанцёры, прэс-цэнтр. Сімволіка дзіцячага "Еўрабачання-2018" будзе выкарыстоўвацца для актыўнай папулярызацыі конкурсу ў Беларусі і за межамі.

Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018" пройдзе 25 лістапада. Запальвацца маладыя зоркі будуць у спартыўным комплексе "Мінск-Арэна", які ўжо прымаў песенны форум у 2010 годзе і адпавядае ўсім патрабаванням правядзення і здымак тэлевізійнага праекта.

Таксама канчаткова зацверджаны месцы пражывання краін-дэлегацый і цырымоніі адкрыцця. Размесцяцца ўдзельнікі ў пяцізоркавым гасцінічным комплексе "Прэзідэнт-Гатэль", а чырвоная дарожка ўрачыстага адкрыцця форуму з'явіцца ў выставачным цэнтры "БелЭкспа".

Тым часам Белтэлерадыёкампанія працягвае падрыхтоўку да конкурсу. У медыяхолдынгу распрацоўваецца сацыяльная праграма для ўдзельнікаў, у найбліжэйшых планах - кастынг вядучых шоу і набор валанцёраў.

27 сакавіка ў Мінск прыбудзе адзін з тэхнічных дырэктараў ЕВС, які неаднаразова працаваў на дарослым "Еўрабачанні". Разам з камандай вяшчальніка ён наведае "Мінск-Арэну", каб больш дбайна распрацаваць канцэпцыю музычнага свята кантынента.


Дзіцячае "Еўрабачанне-2018" пройдзе ў Беларусі!

Дзіцячае "Еўрабачанне-2018"Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018" пройдзе ў Беларусі. Пра гэта Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь афіцыйна паведаміў Еўрапейскі Вяшчальны Саюз (ЕВС). Шоу адбудзецца ў Мінску ў лістападзе будучага года. Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступіць Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў нашай краіне член ЕВС.

У сувязі са змяненнямі правіл Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне" тэлекампанія - арганізатар наступнага конкурсу можа быць названая яшчэ да пачатку шоу 2017 года ў Тбілісі. Каб правільна спланаваць бюджэт і ўсе этапы падрыхтоўкі мерапрыемства, краіны - удзельніцы ЕВС мелі магчымасць падаць заяўку на правядзенне дзіцячага "Еўрабачання-2018" загадзя. На думку кіруючай групы конкурсу, заяўка Белтэлерадыёкампаніі прызнаная лепшай, у выніку Беларусь становіцца гаспадыняй дзіцячага "Еўрабачання-2018".


Наша краіна ўжо мае вопыт правядзення гэтага прэстыжнага форуму. Еўрапейскі Вяшчальны Саюз высока ацаніў узровень падрыхтоўкі і арганізацыі дзіцячага "Еўрабачання" ў Мінску ў 2010 годзе. Тады Беларусь падарыла мільёнам гледачоў па ўсёй Еўропе выдатнае шоу і мноства яркіх уражанняў. Для лепшых маладых выканаўцаў кантынента быў арганізаваны незабыўны еўратыдзень, поўны весялосці, новых адкрыццяў і сяброўства.