Якія традыцыйныя стравы былі на Каляды?

Аляксей Друпаў: На Каляды ладзілася тры святочныя сталы, куцці. Першая куцця, Вялікая, ладзілася на Раство Хрыстовае, была поснай. Другая, Шчодрая, Тоўстая - на Васіля, Новы год (стары Новы год у праваслаўных), змяшчала мясныя стравы. Трэцяя, Водная, Бедная - у каталікоў на Тры Каралі, а ў праваслаўных на Вадохрышча, была поснай. На калядным стале мусіла быць альбо няцотная колькасць страў, альбо 12 на Шчодрую куццю (па колькасці месяцаў у надыходзячым годзе). Абавязковай стравай была куцця - абрадавая каша з адной ці некалькіх круп (у больш позні час збольшага ячмень), запраўленая мёдам, макам, разынкамі, сушанымі ягадамі (на першую куццю), шкваркамі і смажаным мясам (на другую куццю) ці проста на вадзе (трэцяя куцця). Апроч куцці абавязкова прысутнічалі бліны, звычайна іх падавалі з мёдам і макам, ды аўсяны кісель ці супы на яго аснове - квас з грыбамі, жур. На Палессі замест квасу з грыбамі рабілі боршч з грыбамі, то бок квасілі не аўсяную муку, а бурак. Гэта абавязковыя стравы. Таксама прысутнічала рыба (у ХІХ ст. былі папулярны селядцы), грыбы, на Шчодрую куццю - мяса, сала, кіўбасы. З напояў - узвар, нешта сярэдняе між кампотам і збітнем - гарачы напой на мёдзе, з дадаткам траваў і сухафруктаў. З алкаголю прысутнічала гарэлка.

 
Смотреть все выпуски

Новости