Часцей за ўсіх бачу казу сярод калядоўшчыкаў. Чаму такая папулярнасць?

Аляксей Друпаў: Самае асноўнае, што Каза - сімвал дабрабыту. Чаму яна? Каза - першая жывёла, якую нашы продкі адамашнілі, каб з яе атрымліваць шмат усяго.   Каровы ў нас не вадзіліся. Злавілі казу ў лесе, пачалі даіць - сырок, малачко. Калі свіння ў нас жывёла аднаразовая (выгадавалі, забілі, з’елі), то каза шматразовая. Вось яна і стала сімвалам дабрабыту. Калі да нас ужо прывезлі карову, канешне, ім стала карова. Але ў тыя моманты, калі ўсё гэта зараджалася, самай галоўнай жывёлай была каза. Менавіта тады сфарміраваліся ўсе гэтыя архетыпы. Тое, што каза - сімвал дабрабыту, бачна ва ўсіх нашых песнях: “Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць. Дзе каза рогам, там жыта многа. Дзе каза топ-топ, там жыта сем коп”. Ёсць і больш пікантныя песні пра казу. Усё, што б ні рабіла каза, нясе дабрабыт.

Ну і што ў нас адбываецца? Да нас на Каляды прыходзіць Каза: “Добры дзень, гаспадар! Дазволь калядаваць, нашай козачцы па тваім двары паскакаць”. Абавязкова калядоўшчыкі прасілі дазвол, каб увайсці. Гаспадар дае дазвол, інакш бяда будзе, калядоўшчыкі ж дабрабыт нясуць! Калядоўшчыкі заходзяць на двор, Каза скача: “Го-го-го, Каза! Го-го-го, шэра! Дзе ж ты, Козанька, дзе ж ты блудзіла?” Тэксты пра Казу, пра тое, што яна недзе нешта рабіла. Яе ці паляўнічыя застрэлілі, ці ваўкі задралі, ці проста Каза падае, памірае. Пачынаецца лямант: “Ой, Каза ўпала, здохла, прапала! Дайце ж Казе сала, каб Каза ўстала! ” Казу трэба пакарміць - даць каляду. Прычым каляду не просяць - яе патрабуюць. Гэта тое, што належыць калядоўшчыкам. Выносіцца каляда, пасля чаго Каза ўстае і зноў скоча. З аднаго боку, Каза - гэта дабрабыт, з другога - сімвал цыклічнасці, адраджэння. Стары год з Казой памёр, нарадзіўся новы - Каза ўстала і скоча. У яе два такія асноўныя моманты. І быў яшчэ трэці момант. Ужо хутчэй постынтэрпрэтацыя - Каза рагатая, таму яе нечысць баіцца і каб з двара нечыць прагнаць, Казу трэба было абавязкова па двары павадзіць. Але ў нас у легендах было, што казу чорт стварыў, таму яна на чорта і падобная - за капытамі і рагамі.

 
Смотреть все выпуски

Новости