Убачанае сэрцам

Убачанае сэрцам

29.03.2019
"Рэспублiка"

Начался третий этап масштабного фотопроекта, посвященного Году малой родины.
Тэлеканал "Беларусь 24" падвёў вынікі двух этапаў фотапраекта "Я сэрцам бачу", прысвечанага Году малой радзімы. Удзел у іх прынялі як таленавітыя пачаткоўцы-фотамастакі, так і майстры, работы якіх ужо атрымалі высокую ацэнку аўтарытэтных экспертаў. Лідарамі творчага спаборніцтва па выніках глядацкага галасавання сталі Ігар Бышнёў і Дзмітрый Важнік. 

- У кожнага з нас ёсць малая радзіма, дзе ўсё нагадвае пра тое, хто мы і дзе нашы карані. Мы беражліва захоўваем у сваім сэрцы месцы і моманты, працятыя любоўю да нашай краіны, людзей, традыцый і асноў. Мы хочам падзяліцца з усімі тым, што найбольш важна для кожнага з нас. Фотапраект "Я сэрцам бачу" дае такую магчымасць, паказваючы наша жыццё з розных ракурсаў і спыняючы самыя каштоўныя яго імгненні, - адзначае кіраўнік тэлеканала "Беларусь 24" Аляксандр Мартыненка.

Распачаты фінальны этап аб’яднаў больш за тры дзясяткі работ, выкананых у вельмі розных жанрах. Гэта лепшыя творы фатографаў папярэдніх этапаў і новыя, якія раней не публікаваліся, кадры ўсіх удзельнікаў праекта. Экспазіцыя зноў арганізавана ў галерэі "Атрыум" Нацыянальнай бібліятэкі. Выстаўка будзе працаваць на працягу трох месяцаў. Прагаласаваць за ўпадабаны кадр трэцяга тура можна на сайце міжнароднага спадарожнікавага канала belarus24.by і ў сацсетках. Дарэчы, папярэднія этапы фотапраекта адзначылі сваёй увагай больш за 80 тысяч наведвальнікаў.

Святлана ЮРАШОВА.