29.11.2019
"Звязда" 

Рэспубліканскі конкурс юных журналістаў назваў пераможцаў. Рэспубліканскі конкурс юных журналістаў "Ты ў эфіры", зладжаны Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, назваў пераможцаў. Сёлета конкурс быў прысвечаны Году малой радзімы, а выказацца па тэме "Можа, мала сябры яшчэ знаюць наш край" дзеці і падлеткі маглі ў чатырох намінацыях "Друкаваны матэрыял", "Відэаматэрыял", "Фотарэпартаж", "Сацыяльная сетка".

Пераможцаў у намінацыі "Відэаматэрыял" дапамаглі вызначыць стваральнікі маладзёжнага інтэрактыўнага праекта "Пін_код" тэлеканала "Беларусь 2". Адна з работ, якая дайшла да фіналу і была высока ацэнена расказвае гісторыю невялікага возера Сіняе каля вёскі Сасноўка. Яе аўтарамі сталі Ірына Шыкалава і Мікіта Галавачэнка са Светлагорска. "Пра конкурс расказала наш педагог-арганізатар, потым мы знайшлі ідэю і пачалі яе распрацоўваць. Разам са зборам інфармацыі і здымкамі роліка спатрэбілася каля двух тыдняў, каб стварыць гэты невялікі міні-фільм пра нашу малую радзіму, а дакладней пра возера, якое ёсць у нашай мясцовасці", - апавядае Ірына Шыкалава.

Усяго на суд журы ў намінацыі "Відэаматэрыял" было прадстаўлена 24 работы. Геаграфічна тут можна сустрэць удзельнікаў з розных куточкаў Беларусі. Відэаролікі розныя па змесце і ўзроўні майстэрства, але самае важнае, што ёсць жаданне расказаць іншым пра тую мясцовасць, дзе жывеш, з якой пачынаецца шлях у вялікае жыццё.

- Прыемна, што дзякуючы такім конкурсам нашы дзеці пачынаюць праяўляць цікавасць да гісторыі іх малой радзімы. Мы як людзі, звязаныя з тэлебачаннем, таксама зацікаўлены ў такіх мерапрыемствах, бо яны даюць магчымасць убачыць таленавітых людзей, якім у перспектыве можна прапанаваць супрацоўніцтва ў нашым праекце ў якасці пазаштатных аўтараў, - падзяліўся кіраўнік праграмы "Пін_код" Ягор Шолькін. - У эфіры мы дэманстравалі фрагменты найлепшых відэа. Таксама адзначым пераможцаў сертыфікатамі на заняткі ў кінашколе.

Яшчэ юныя журналісты ці тыя, хто толькі прыглядаецца сёння да гэтай прафесіі, атрымаюць магчымасць трапіць на бліцстажыроўку ў Белтэлерадыёкампаніі, паўдзельнічаць у працэсе здымак, трапіць на прамы эфір. 1-е месца ў намінацыі "Відэаматэрыял" прысудзілі вучню сярэдняй школы № 3 горада Кобрына Савелію Прохараву, другое занялі навучэнцы Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці Данііл Хаменка, Настасся Грышанава, Кацярына Захарэвіч, Ганна Трацюк, а на 3-м аказаліся Вераніка Каваленка, Вікторыя Працко і Міхаіл Савошка, якія займаюцца ў Чачэрскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

Загадчык сектара па рабоце з моладдзю Нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Настасся Сайчык расказала "Звяздзе": "На заключным этапе конкурсу мы атрымалі 88 заявак ад болей чым 100 удзельнікаў - яны апавядалі пра родныя мясціны, гісторыі абрадаў, вуліцы, закраналі і многія іншыя тэмы".

Алена ДРАПКО.