Святлана Мятлева, вядучая Беларускага радыё: "Больш за 20 гадоў прамога эфіру для мяне бясконцае свята"

23.02.2019

"Сельская газета"

Радиожурналистку Светлану Мятлеву называют одним из брендов Национального радио.

Яе пявучы галасок на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё гучыць ранкам, у абед і вечарам. Слухачы яго любяць. Нездарма ў знак удзячнасці раздаецца безліч тэлефанаванняў, прыходзіць шмат лістоў. Праграмы “Вітаем, віншуем, жадаем”, “Настрой” і “Раніцу з Беларускім радыё” радыёслухачы называюць народнымі. Святлана - адна з вядучых і кіраўнік творчай групы віншавальнага эфіру.

- Ніколі не думала стаць журналістам, але вельмі любіла беларускую і рускую мову і літаратуру. Прыйшла на радыё выпадкова, падчас вучобы ў БДУ на філалагічным факультэце. Думаецца, радыйная справа па мне, яна блізкая да маёй спецыяльнасці. На філфаку чыталі вялікі аб’ем літаратуры, і гэта дапамагае ў журналістыцы, - расстаўляе акцэнты радыёвядучая.

Па спецыяльнасці яна - рускамоўны філолаг, а ўсе прамыя эфіры вядзе на роднай мове. Адкуль дасканалае валоданне ёй, калі нарадзілася Святлана ў Іркуцкай вобласці недалёка ад станцыі Зіма?

- Немаўляткам бабуля мяне прывезла ў вёску Вяляцічы Барысаўскага раёна, там я і выхоўвалася. Адтуль любоў да роднай мовы, да радыё. Бабуля, якая стала мне другой мамай, будзіла ранкам, а ў эфіры ішла “Піянерская зорка”. З радыё мы тады прачыналіся і засыналі. Гэта цяпер Першы нацыянальны канал вяшчае кругласутачна.

- Новыя тэхналогіі дыктуюць свае правілы, зніклі радыёкропкі, якія раней гаварылі бадай у кожнай хаце. У сувязі з гэтым аўдыторыя слухачоў паменшылася? І як наогул ставіцеся да лічбавага вяшчання?

- Як стаўлюся да ХХI стагоддзя? Станоўча. Цяпер дзякуючы інтэрнэту нас слухаюць у розных краінах, атрымліваем лісты з Расіі, Украіны, Прабалтыкі, ЗША і нават Лівана. У параўнанні з ранейшым у нас па-іншаму абсталявана студыя, а ў бесправадных тэхналогіях лепшым памочнікам стаў ноўтбук. Праз яго робім “шапкі”, адбіўкі, ставім музыку, сюжэты, інтэрв’ю, прымаем паведамленні. Работа скаардынавалася. Правадное радыё - мінулае стагоддзе. Я б не сказала, што слухачоў стала менш. Думаю, іх нават больш. Напачатку тэлефанавалі са словамі: "Вам не крыўдна, што мы вас не будзем слухаць?" Я кажу: "Будзеце, калі пажадаеце!" Дарэчы, дэвіз Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё - “Будзем разам!” Няма праблемы набыць радыёпрыёмнік або слухаць нас у інтэрнэце ці праз тэлефон. Наадварот, кола магчымасцей пашырылася. Некаторыя людзі - маладыя, гадоў па 50 - кажуць: не ўмеем СМС адпраўляць. Як так? Нават 85-гадовыя слухачы карыстаюцца носьбітамі ХХI стагоддзя - і правільна робяць: трэба ісці за прагрэсам!

З лічбавымі ўмовамі працаваць стала лягчэй, але добра выконваць сваю справу заўсёды складана. Разам з тым суразмоўца змякчае такі свой вердыкт:

- Лягчэй толькі тады, калі выбіраеш любімы занятак. Уражвае дасціпнасць выслоўя Канфуцыя: выбірай любімую справу і ніводнага дня не будзеш працаваць у сваім жыцці. Больш за 20 гадоў я ў прамым эфіры, і кожны раз як свята. Мы ўсе вяртаемся дадому позна: здаецца, і перакусіў, і адпачыў, а кладзешся спаць - заснуць не можаш. Бо яшчэ застаешся ў свяце: прыгадваю самыя яркія моманты эфіру, перажываю, калі што не так. З іншага боку, мікрафон - сапраўдны доктар: літаральна праз хвілінку ля яго забываешся на ўсе хваробы - душэўныя і цялесныя. Любімая справа заўсёды лечыць.

Святлана Мятлева працуе на радыё 20 гадоў. Гэта цяпер усё ідзе як па масле, а напачатку неабходнай была падтрымка калег, з дапамогай якіх баявое хрышчэнне маладой радыёвядучай прайшло лёгка і ўпэўнена:

- Асаблівыя цёплыя словы тагачаснаму галоўнаму рэдактару музычнай рэдакцыі Зоі Лявонцьеўне Урублеўскай, Кацярыне Ягоравай, Святлане Шушаковай, Маргарыце Захарыі… Вядома, па першасці я баялася, хвалявалася. Пачынала адразу з радыёэфіраў на канале “Культура”, раней ён называўся “Радыё 2”, вяла перадачу “На крылах мары”, якая да мяне належала цудоўнай радыёвядучай, педагогу, артыстцы Ірыне Майсеевай. Гэта рамантычна-паэтычная праграма, у якой я расказвала пра знакавых асоб беларускай і рускай літаратуры. Інфармацыю вышуквала па бібліятэках, штудзіравала стосы кніг. Гэта зараз інтэрнэт і Гугл нам у дапамогу.

Потым Святлана Мятлева вяшчала эфір “Для тых, хто дома”, ранішнія мадэратарскія блокі, праграмы “Чалавек-экстрым”, “36 і 6” пра здароўе, “Нашы дзеці”, “Армейскую пошту”... Графік радыёвядучага падыдзе не кожнаму. Эфіры да трох гадзін ночы, а ранкам зноў да мікрафона... Здаралася, што і зусім дадому не трапіш:

- Аднойчы прыйшоў госць Віктар Васільевіч Мялешын, ветэран беларускай і савецкай авіяцыі, сібірак, вазіў Пятра Машэрава, амерыканскіх сенатараў - важных персон. Чалавек і сам важны, паважаны, цікавы, не перапыніш… Пілі чай, размаўлялі да позняга вечара, а ранкам перадача з яго ўдзелам выходзіла ў эфір. Рабіла яе ноччу, але сустрэчы з такімі людзьмі - гэта сапраўдны жыццёвы падарунак.

Абедзенны час - не толькі свята для страўніка, а і для душы. “СМС-эфір” - забаўляльная праграма на экватары дня, якую разам са Святланай Мятлевай вядуць Павел Лазовік, Таццяна Гулейка, Андрэй Сініца, Віктар Шулешка, Яна Хадоска, Аліна Страшкевіч. Цяпер “СМС-эфір” стаў “Настроем”, дзе ўласным досведам дзеляцца цікавыя асобы: турысты, альпіністы, мастакі, артысты, літаратары…

Але больш за ўсё Святлана Мятлева любіць перадачу “Вітаем, віншуем, жадаем”, якую вядзе з самага яе ўзнікнення - 18 гадоў. І любіць найперш за чалавечнасць, пачуццёвасць, кранальнасць, душэўныя лісты:

- У СМС асабліва не разгуляешся, тым больш людзям сталага пакалення больш даспадобы эпісталярны жанр. Пісьмы настолькі кранальныя, што, бывае, чытаеш і плачаш. Напрыклад, віншуюць жанчыну не яе родныя дзеці, а тыя людзі, якіх яна калісьці ўратавала падчас вайны: схавала яўрэйскую сям’ю ў сваёй хаце ад фашыстаў, рызыкуючы сваімі дзецьмі. Тыя дзячаць і называюць яе другой мамай.

Або, не ўтрымлівае сентыментальнасці Святлана Мятлева, віншуюць бабулі са святамі ўнукаў, праўнукаў. У фінале пісьма звычайна зычуць - дай Бог здароўя, хай беражэ анёл-ахоўнік… І тады вядучая заўсёды ўяўляе сваю бабулю, быццам гэтыя цёплыя словы Святлане адрасуе яна.

- Канечне, я эмацыянальная, - маё наступнае пытанне вядучая ўспрымае рытарычна. - У эфіры чэрствыя не патрэбны. У акцёра ад уколаў ботаксу знікае міміка - чаго варты такі акцёр? Так і з унутраным светаўспрыняццем у вядучага: што ён каштуе без душы?

Сентыменты сентыментамі, а боязі ў прамых эфірах аніякай:

- Ведаю некаторых журналістаў, якія ў першых радыёэфірах ніякавелі, а потым тэлевізійнымі зоркамі сталі. Першы блін амаль заўжды комам. Трэба гэта ведаць і не баяцца, бо страх перашкаджае. Недарэмна псіхолагі раяць хаця б раз на тыдзень рабіць тое, чаго ты баішся.

- А вы нечага баіцеся?

- Вышыні баюся, напрыклад скокнуць з парашутам. Праўда, лётала на самалётах, якія канструяваў і будаваў муж. Тыя зверхлёгкія лятальныя апараты атрымлівалі высокую ацэнку ад прафесійных лётчыкаў-выпрабавальнікаў.

Ні найменшага сумнення не мае радыёвядучая, што маладосць ідзе ад душы. Як нехта заўважыў: каб жыць і радавацца, трэба рабіць дзве рэчы - жыць і радавацца. Святлана бярэ гэта за дэвіз! Бадзёрасць дазваляе непахісна выстаяць перад нягодамі.

- Некаторыя радыёслухачы нам кажуць: слухаеш вас - і здаецца, гора ў вас ніколі няма. Мы і праўда шчаслівыя, бо хочам такімі быць. А насамрэч вядучыя, які і ўсе людзі: засмучаюцца, перажываюць, хварэюць… Жыццё не такое лёгкае і ў мяне: рана засталася без бацькоў, у 30 не стала мужа, але Бог не дае чалавеку больш за тое, што ён можа вытрымаць. Ну а віншавальную праграму і вядзе, і слухае той, хто ўмее радавацца. І гэтыя флюіды светлых пачуццяў распаўсюджваюцца на ўсю аўдыторыю Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё - не толькі ў нашай краіне, а і за мяжой. Нядаўна віншавалі нас з Сусветным днём радыё з Расіі: "Вы - наша любімае радыё".

- Голас таксама залежыць ад настрою?

- Хутчэй ад стану здароўя. Не дазваляю сабе моцна стамляцца, бо так голас можа і зусім на некаторы час знікнуць. Хутка яго не адновіш, бо найлепшыя лекі - цішыня. Ён, кажуць спецыялісты, прачынаецца пасля дванаццаці гадзін дня, а мы пачынаем з сямі раніцы. Сагрэць звязкі можна чаем ці цёплай вадой, карысна паласкаць горла цёплым алеем. Калега Аляксандр Аўчыннікаў параіў такі рэцэпт: змяшаць цёплае малако, масла, какаву, мёд, шакалад і альяс (кветка). Але альяс не дадаю, горкі ён… Калі дома, лепш лыжку бальзаму.

Вольны час гаспадыня аксамітнага голасу прысвячае, як гэта модна цяпер, ЗЛЖ: плавае ў басейне, займаецца фітнесам. Яна добра шые і вяжа. У 90-я гады, калі паліцы таварамі не трашчалі, штукарыла мужу і дачцэ штаны, паліто, курткі - адметныя, прыгожыя. Па-сучаснаму, гэта хенд-мейд. Нямала падарожнічае, а нядаўна адкрыла і талент мастачкі, хаця сама з сябе пасміхаецца, бо карціну з Эйфелевай вежай ды закаханай парай намалявала па спецыяльнай лічбавай тэхніцы.

Пасля карыснага адпачынку радыёжурналістка зноў вяртаецца да святочных будняў у эфіры, яна ўдзячная за падтрымку і рэалізацыю смелых праектаў кіраўніку Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антону Васюкевічу. Заўсёды побач і найлепшы калега па эфірах - Віктар Шулешка, сябруюць сем’ямі.

- Парадавала мяне і “Сельская газета”: мы прывыклі, што самі расказваем пра герояў, а вы захацелі распытацца пра нас, дзякую шчыра! - прыемным акордам заключае размову народная любіміца.

Алена БАСІКІРСКАЯ.