Студзень. Час ладзіць прэм'еры

Студзень. Час ладзіць прэм'еры

10.01.2020
По сообщению zviazda.by

Адразу тры новыя праекты на тэлеканале "Беларусь 1" запрашаюць гледачоў на прэм'ернае спатканне ў гэтую суботу.
Пошук сэнсу жыцця

На "першай кнопцы" 11 студзеня - першы выпуск новай праграмы "Сэнс жыцця". Яе вядучы Аляксандр Суцкавер запрашае ў госці вядомых артыстаў, спартсменаў, палітыкаў і распытвае іх пра тыя факты з жыцця, аб якіх яшчэ ніколі не гаварылі.

Аляксандр Суцкавер, вядомы шырокаму колу гледачоў у якасці тэлевядучага і акцёра тэатра і кіно (фільмы "Каменская", "У жніўні 44-га...", "Адліга"), будзе сустракаць сваіх суразмоўцаў у загарадным доме, каб у цёплай абстаноўцы паразмаўляць пра асабістае. У звыклым жанры вялікага інтэрв'ю, але ў неафіцыйным фармаце стваральнікі праграмы абяцаюць раскрыць публічных людзей з новага боку. Першым госцем стане народны артыст Беларусі, кавалер ордэна Францыска Скарыны, саліст легендарнага ансамбля "Сябры" Анатоль Ярмоленка, які раскажа ў "Сэнсе жыцця" пра сябе і сям'ю. А 18 снежня госцем праекта стане генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Латушка.

За ўсіх разумнейшыя

Трэці сезон інтэлектуальнай гульні "Я ведаю!" на "Беларусь 1" распачнецца таксама 11 студзеня. Сумесны праект Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь дае магчымасць вучням 5-11 класаў з усёй краіны праявіць сябе, прадэманстраваўшы свае веды ў розных галінах, ініцыятыўнасць і кемлівасць.

Што новага ў праекце? Павялічыўся хронаметраж выпускаў (да 52 эфірных хвілін цяпер дабавілі яшчэ 30 для інтэрактыву і размовы вядучых з гульцамі). А яшчэ змяніліся правілы гульні: цяпер стаць удзельнікам віктарыны можна толькі адзін раз за чатыры гады. Дарэчы, змянілася і месца здымак - яны праходзяць у адным з павільёнаў "Беларусьфільма". А вось вядучымі інтэлектуальнай гульні "Я ведаю!" па-ранейшаму засталіся Георгій Калдун, які агучвае школьнікам пытанні і шукае адказы на іх, і Дзмітрый Новік - ён падтрымлівае дзяцей у настаўніцкай разам з іх педагогамі.

Не прапусціце першы выпуск у суботу ў 13.30: зможаце пахварэць за сваіх, а разам з тым і праверыць або асвяжыць школьныя веды.

Дзень пачнецца ранкам

Жаночае ток-шоу "Дзень у вялікім горадзе" зменіць час трансляцыі - замест дзённага эфіру яно будзе выходзіць раніцай. Аўдыторыя таксама зможа ацаніць перазагрузку праграмы. Аўтары вырашылі змяніць дэкарацыі і па просьбе аўдыторыі разбавіць гадзіну эфіру інтэрактывам і розыгрышамі прызоў. Абноўленае ток-шоу глядзіце 14 студзеня на "Беларусь 1" у 10.40.

У эфір да дактароў

Яшчэ адной студзеньскай прэм'ерай стане праграма "Здорава здаровым быць" (яе стваральнікі вядомыя гледачам па праектах "Здароўе" і "Дзіцячы доктар"), яна папулярызуе здаровы спосаб жыцця і дасць адказы на самыя надзённыя пытанні: колькі трэба спаць, ці варта лячыць насмарк і многія іншыя, а таксама разбурыць распаўсюджаныя стэрэатыпы адносна здароўя.

Тэмы выпускаў праграмы фарміруюцца на аснове глядацкіх запытаў. У новым праекце парады дадуць найлепшыя ўрачы Беларусі - людзі, якія з уласнай практыкі ведаюць тое, што хвалюе ўсіх. Атрымаць тэлекансультацыю і абмеркаваць важныя для сябе тэмы можна наступным чынам: патэлефанаваць у рэдакцыю праграмы альбо запісацца на прыём у сацыяльных сетках і пры гэтым не забыцца прыхапіць у тэлеклініку гісторыю хваробы, каб урачы змаглі дакладна разабрацца ў сітуацыі.

У новага праекта чатыры пары вядучых, сярод якіх і медыйныя асобы, і непасрэдна ўрачы. Кансультаваць будуць такія спецыялісты, як педыятр, дэрматолаг, эндаваскулярны хірург і радыёлаг, прычым некаторым з іх даводзіцца прыязджаць на здымачную пляцоўку адразу пасля начных дзяжурстваў. А ў студыі адмыслова для праграмы сабралі мноства наглядных макетаў і стварылі тэматычныя лакацыі: офісную, абедзенную, дыягнастычны кабінет і нават прыёмны пакой псіхолага.

Алена ДРАПКО.