15.05.2020
По сообщению zviazda.by 

Пары, якія пазнаёміліся і працуюць на тэлебачанні.
Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Дзень сям'і. Карыстаючыся нагодай, мы вырашылі даведацца, што робіць сямейныя саюзы моцнымі, шчаслівымі і доўгатрывалымі, і распыталі пра гэта тры пары, якія пазнаёміліся і працуюць на тэлебачанні. Спойлер: у кожным тандэме творчых людзей - свая адметнасць.

Не было інтарэсу... а потым "пасябравалі" на "Фэйсбуку"

Алена Воляк (кіраўнік праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!") і Сяргей Воляк (галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі продажаў і маркетынгу, вядучы "Навін экономікі", "Сферы інтарэсаў"), тэлеканал "Беларусь 1".

Алена: Калі ўжо пабраліся шлюбам і выпадкова зверылі нашы пропускі, то аказалася, што прыйшлі працаваць у Белтэлерадыёкампанію ў адзін дзень у 2004 годзе. Тады ў кожнага з нас была сям'я, і мы, працуючы ў вялікай кампаніі, толькі часам віталіся ў ліфце. Я была рэдактарам праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!", і ў ёй эканамічныя навіны вёў Сяргей. Але пастаянна блытала яго імя (паколькі ў мужа прозвішча Воляк, што для мяне сугучна з Воля, то я думала, быццам завуць яго Павел, бо асацыяцыя была з Паўлам Воляй). (Смяецца. - Аўт.) Ён быў жанаты мужчына з двума дзецьмі, у мяне - муж і дачка, таму мы ніяк не камунікавалі, не было ніякага інтарэсу. А потым неяк пару разоў перасекліся ў каментарыях у сацыяльных сетках і нас зацікавілі меркаванні і пазіцыя адно аднаго. "Пасябравалі" на "Фэйсбуку", аднак з часам перасталі падтрымліваць сувязь, хоць абое ўсведамлялі, што супадаем па каштоўнасцях і поглядах на жыццё. І толькі праз год, калі ўжо і Сяргей, і я былі не ў стасунках, то зноў выйшлі на кантакт і ў 2014 годзе стварылі сям'ю. І нашы дзеці пасябравалі. Мы ўсе разам ездзім адпачываць і любім праводзіць час разам... Для мяне вельмі важна, што мы працуем у адной сферы. Гэта дае ўзаемаразуменне, калі вы без слоў здольныя зразумець радасці і праблемы адно аднаго. Кожны з нас не ўмешваецца ў работу іншага, але нам важна адчуваць падтрымку. Няма паміж намі і канкурэнцыі, бо мы кіруем рознымі падраздзяленнямі, але дасягненні ў прафесіі сталі магчымыя, дзякуючы ўзаемнай веры, што ўсё атрымаецца ў кожнага з нас. Таму сакрэт быць шчаслівымі, як у прафесіі, так і ў сям'і, ёсць толькі адзін - каханне. Безумоўнае. Як адно да аднаго, так і да тых, хто ўваходзіць у вашу сям'ю. З каханнем прасцей пераадольваць цяжкасці, прабачаць і хацець дзейнічаць. А інакш нічога не патрэбна. Таму так і атрымліваецца, што на тэлебачанні кожны з нас працуе на сваім полі дзейнасці, а дома мы сумесна працуем над тым, каб наша сям'я была дружная і шчаслівая.

Змянілі работу... і зноў па адным адрасе

Алена Абразцова (галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 2") і Аляксандр Клыбік (дырэктар дырэкцыі камп’ютарных тэхналогій Белтэлерадыёкампаніі).

Алена: Работа на тэлебачанні ў мяне пачалася яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце ў Магілёве. Пазней, калі пераехала ў Мінск, вырашыла паспрабаваць сябе ў новай сферы і пайшла працаваць на адну са сталічных радыёстанцый, дзе мой будучы муж быў тэхнічным дырэктарам. Дарэчы, калі мы гулялі вяселле, то калегі павіншавалі нас у радыёэфіры, уключыўшы вядомую кампазіцыю з кінафільма "Службовы раман". Яна нас і суправаджае па сямейным жыцці вось ужо 14 гадоў... Хоць пазней мы абое змянілі месца работы, і зноў па адным адрасе - Макаёнка, 9. Калі мяне, бывае, пытаюць "Як вам удаецца працаваць разам?", то я шчыра кажу, што проста не ўяўляю, як жывуць сем’і, дзе муж і жонка працуюць у розных месцах. Магчыма гэта з-за таго, што мы жывём работай! У нас агульныя знаёмыя і сябры, аднолькавыя інтарэсы. У тым ліку і ў нашага сына Станіслава, дасягненні якога ў праграмаванні нас вельмі радуюць. Напрыклад, зараз сын і тата займаюцца зборкай камп’ютара, і мне ўсё складаней разумець іх, калі яны гавораць на мове тэхнічных тэрмінаў. Мы ўвогуле вельмі любім бавіць час усе разам і з радасцю і цікавасцю падзяляем захапленні адзiн аднаго (сыну перадалася наша любоў да більярда, а нас з мужам ён прывучыў да сумесных велапрагулак). І не менш важная акалічнасць для шчаслівай сям’і - гэта наша супадзенне ў тэмпераментах. Саша ў сілу свайго характару (і прафесіі, у тым ліку) спакойны і разважлівы, а я больш эмацыянальная, але муж з лёгкасцю ўмее з маімі эмоцыямі спраўляцца.

Алена ДРАПКО.