Республиканский диктант и викторина - что подготовило белорусское радио к Международному дню родного языка

20.02.2024

По сообщению  sb.by

21 лютага ва ўсім свеце традыцыйна адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Яго мэта - садзейнічаць моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю. Сёлета тэма міжнароднага дня: "Шматмоўная адукацыя - аснова навучання і перадачы ведаў паміж пакаленнямі".


Згодна з данымі перапісу насельніцтва Беларусі ў 2019 годзе, беларускую мову назвалі роднай амаль 5,1 млн жыхароў краіны. Па-беларуску гучалі і першыя словы ў айчынным радыёэфіры: "Увага! Гаворыць Мінск!". Амаль праз сто гадоў пасля гэтай падзеі традыцыю вяшчання на роднай мове захоўваюць радыёстанцыі Белтэлерадыёкампаніі.

На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё 21 лютага ў эфір выйдуць тэматычныя выпускі перадач, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы, паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі. Так, аўтары спецпраекта "Беларусь адзіная" разам з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандрам Румакам паразважаюць пра ўклад іншых народаў у развіццё беларускай мовы, а таксама пра захаванне айчыннай культуры ў замежжы.

На працягу ўсяго эфірнага дня будуць гучаць спецыяльныя выпускі адукацыйнай рубрыкі "Моўныя хвілінкі" - для тых слухачоў, якія жадаюць удасканаліць веданне беларускай мовы або даведацца цікавыя факты пра яе.

Акрамя таго, музычнае напаўненне эфіру ў гэты дзень будзе складацца пераважна з кампазіцый на роднай мове.

Да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы далучыцца і канал "Культура". 21 лютага ў эфіры запланавана прамая трансляцыя рэспубліканскай дыктоўкі па беларускай мове. Да ўдзелу ў акцыі, арганізаванай Інстытутам мовазнаўства імя Я. Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі сумесна з Беларускім радыё, запрашаюцца ўсе жадаючыя, хто хоча праверыць свой узровень валодання роднай мовай. Пачатак трансляцыі дыктоўкі - а 13-й гадзіне.

"Я магла б гаварыць па беларуску 24/7", - прызнаецца тэлевядучая, журналіст АТН Белтэлерадыёкампаніі Наталля Бардзілоўская. Менавіта яна стане ў гэты дзень госцем праграмы "Дыялогі пра культуру".

А вечарам у рамках праекта "Канцэртная зала" можна будзе паслухаць радыёверсію акцыі да Міжнароднага дня роднай мовы, якая напярэдадні прайшла ў Мінскай гарадской ратушы з удзелам Міністэрства замежных спраў Беларусі, міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала "Беларусь 24" і канала "Культура" Беларускага радыё. У выкананні замежных дыпламатаў прагучаць вершы беларускіх паэтаў-юбіляраў 2024-га года пад акампанемент музычных калектываў Белтэлерадыёкампаніі.

Да Міжнароднага дня роднай мовы адзіная беларускамоўная рок-станцыя "Сталіца" падрыхтавала спецыяльны выпуск праета "Аднойчы ў гісторыі". У ім пойдзе размова пра адно з самых ветлівых слоў ў любой мове свету - "дзякуй”. Дарэчы, у гэтага слова ёсць сваё свята - Міжнародны дзень “дзякуй”.

У інтэрактыўным праекце "Абед у кабінет" слухачы атрымаюць магчымасць прыняць удзел у тэматычнай віктарыне і выйграць сувенірную прадукцыю з брэндавым лагатыпам. У музычным плей-лісце ў гэты дзень будуць гучаць любімыя кампазіцыі на роднай мове.

У Міжнародны дзень роднай мовы радыёстанцыя "Радыус FM" аформіць сацсеткі і сайт святочнымі графічнымі банерамі. У эфіры будзе больш роднай мовы - слухайце па-беларуску навіны ў 9:00, 12:00, 15:00 і 18:00, а таксама некаторыя аўтарскія перадачы. У гэты дзень у VK і Інстаграм таксама будуць размешчаны запісы на матчынай мове.

Міжнароднае радыё "Беларусь" вяшчае на 9 мовах, яны родныя для жыхароў самых розных краін на розных кантынентах. У эфіры рэгулярна гучаць аудыёўрокі беларускай мовы для замежных слухачоў на англійскай, нямецкай і польскай мовах.

21 лютага радыёстанцыя раскажа пра ключавыя мерапрыемствы ў рамках Міжнароднага дня роднай мовы ў выпусках навін на рускай, беларускай, англійскай, нямецкай і польскай мовах, а таксама ў дайджэстах навін на іспанскай, французскай, кітайскай і арабскай мовах. Гэтыя матэрыялы будуць даступныя і ў выглядзе аўдыяверсій на інтэрнэт-сайце радыё "Беларусь".

Эфірныя акцыі да Міжнароднага дня роднай мовы пройдуць 21 лютага і ў эфіры рэгіянальных радыёстанцый Белтэлерадыёкампаніі "Радыё Брэст", "Горад FM", "Радыё Віцебск", "Радыё Гомель", "Гомель+", "Радыё Гродна", "Радыё Магілёў" ва ўсіх абласцях краіны.