23.02.2019

"Звязда"

Агенцтва тэлевізійных навін працягвае праект "Беларусь помніць".

Агенцтва тэлевізійных навін працягвае праект "Беларусь помніць", прысвечаны 75-годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта серыя відэаролікаў, якія нагадваюць сучасным беларусам пра вядомых і невядомых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны - тых, хто сваім гераізмам, а часта і цаной уласнага жыцця адстаяў для нашчадкаў мір...

Адметнасць гэтага праекта ў тым, што яго аўтары праз гістарычную рэканструкцыю, праз старыя фотаздымкі, узнагароды, лісты з фронту, нібыта кавалкі мазаікі, паказваюць успаміны асобных сем'яў - з якіх, у рэшце рэшт, складваецца маштабнае пано нашай агульнай памяці пра страшныя падзеі больш чым 70-гадовай даўніны. "У гэтым і была задумка, - згаджаецца куратар праекта, загадчык аддзела крэатыўнага планавання АТН Руслан Туркоў, - паколькі жывых сведак і ўдзельнікаў бітваў Вялікай Айчыннай застаецца ўсё менш, расказаць пра гэтых герояў з дапамогай іх дзяцей, унукаў і праўнукаў, якія разам з прафесійнымі акцёрамі ўзялі ўдзел у здымках і дапамаглі аднавіць пэўныя падзеі. Мы звярнуліся па дапамогу ў ветэранскую арганізацыю, дзе нам падказалі большасць герояў. Таксама пастараліся прадставіць розныя роды войскаў, каб гэтыя ролікі былі цікавыя і разварушылі памяць як мага большай колькасці людзей".

З восені мінулага года ў эфір ужо выйшла 5 ролікаў. Сярод герояў - удзельнік знакамітай бітвы на Курскай дузе танкіст Аляксандр Фень, зусім юная сястра міласэрнасці Зінаіда Корж, ваенурач Аляксандр Ключароў, выпрабавальнік сакрэтнай зброі "кацюша" Аляксей Разанаў, разведчык Мікалай Абядняк, які ў складзе штурмавой групы двое сутак трымаў плацдарм для наступлення асноўных сіл... На чарзе - шостая серыя, для падрыхтоўкі якой здымачнай групе давялося пабываць на ваенным аэрадроме ў Лідзе і аэрадроме ў Баравой, а ўспамінамі пра легендарнага лётчыка Леаніда Бяду падзяліўся яго сын, таксама Леанід. Усяго ж у праекце будзе 10 ролікаў-успамінаў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.