"Беларусь 3" посвятит эфир 80-летию снятия блокады Ленинграда и Международному дню памяти жертв Холокоста

19.01.2024

По сообщению sb.by

27 студзеня на тэлеканале "Беларусь 3" да 80-годдзя зняцця блакады Ленiнграда i Мiжнароднага дня памяцi ахвяр Халакосту адбудзецца спецыяльны паказ гульнявых i дакументальных стужак, а таксама тэлеверсiй спектакляў вядучых беларускiх тэатраў.


Музыка жыцця

Распачне тэматычны паказ на самым культурным канале айчыннай тэлепрасторы ваенная шматсерыйная драма Аляксандра Кота "Сёмая сiмфонiя", якая распавядзе пра падрыхтоўку i выкананне найбольш знакамiтага твора Дзмiтрыя Шастаковiча ў блакадным Ленiнградзе. Па словах рэжысёра, гэты фiльм - гiсторыя не пра кампазiтара цi яго сiмфонiю. Гэта стужка найперш пра людзей, якiя яе выконвалi, пра iх духоўны подзвiг, не ўтойвае Аляксандр Кот:

- З ваенна-гiстарычным кiно ў мяне даўнiя адносiны. Я ўжо прайшоў вялiкi шлях, зняўшы "Брэсцкую крэпасць" i "Канвой PQ-17". I вельмi цяжка ўвайсцi ў гэтую раку не тое што двойчы, а нават жыць у гэтай рацэ, таму што ёсць адчуванне, што вайна заўсёды са мной, i гэта вельмi цяжка. Мне спадабалася iдэя таго, што гэты фiльм перш за ўсё не пра вайну, таму я пагадзiўся. А з музыкай у мяне вельмi складаныя адносiны. Зразумела, што да гэтага я чуў пра Шастаковiча i яго Сёмую сiмфонiю. Але калi трапляеш унутр аркестра, разумееш, што гэта асаблiвы свет. Людзi ў аркестры абсалютна розныя, i ў той жа час яны павiнны быць адзiным арганiзмам. Я нават не ведаў, з чаго складаецца калектыў, якiя музыкi там ёсць... А цяпер магу даволi свабодна арыентавацца ў гэтай прасторы. I мне было цiкава, бо гэта было ўпершыню. На вайне, але не пра вайну.

Вядомы факт: 9 жнiўня 1942 года пад грукат артылерыi музыка Шастаковiча ўпершыню прагучала ў блакадным Ленiнградзе. У кожнай хаце i на вулiцах чулi гэту мелодыю, бо трансляцыя вялася па радыё i праз гучнагаварыцелi… Сёння сёмая "Ленiнградская" сiмфонiя лiчыцца адной з самых вялiкiх партытур XX стагоддзя, бо гiсторыя яе стварэння i першых выкананняў, а таксама сiла i маштаб уплыву на сучаснiкаў сапраўды ўнiкальныя. 

Ролю дырыжора Карла Элiасберга (дарэчы, ураджэнца Мiнска) выканаў народны артыст Расii Аляксей Гуськоў. У ролi яго жонкi знялася Наталля Рагожкiна, а ў Дзмiтрыя Шастаковiча пераўвасобiўся расiйскi акцёр Вадзiм Сквiрскi. Таксама галоўныя ролi ў фiльме дасталiся Лiзавеце Баярскай, Аляксею Краўчанка i Вiкторыi Таўстаганавай, якую мы ўбачым у ролi паэтэсы Вольгi Бергольц (аўтара знакамiтага радка "Нiхто не забыты, нiшто не забыта" на Мемарыяльнай сцяне Пiскароўскiх могiлак, дзе былi масава пахаваны ахвяры блакады Ленiнграда). 

Памятай iмя сваё 

Таксама ў гэты дзень у 15:05 на "Беларусь 3" гледачоў чакае дакументальная стужка Дзмiтрыя Чарняцова "Дыхаючы адным дыханнем…", прысвечаная героям Ленiнграда i ганаровым грамадзянам Санкт-Пецярбурга. У iх лiку альпiнiст Мiхаiл Баброў, алiмпiйскi чэмпiён у акадэмiчным веславаннi Юрый Цюкалаў, паэтэса Вольга Бергольц, скульптар Мiхаiл Анiкушын, лётчык Васiль Харытонаў. 

У 16:10 дакументальны цыкл "Памяць зямлi маёй" пазнаёмiць аўдыторыю з гiсторыяй стварэння мемарыяльнага комплексу "Драмлёва" ў Жабiнкаўскiм раёне Брэсцкай вобласцi. Ранiцай 11 верасня 1942 года ў вёску ўварвалася група карнiкаў. Яны сагналi жыхароў у хлявы i падпалiлi. У агнi загiнулi 196 чалавек. Пасля вайны вёска ўжо не аднавiлася… У 1982-м на яе месцы быў заснаваны мемарыяльны комплекс. Гэта курган з скульптурамi трох жанчын: бабулi, мацi i дачкi. Штогод у гадавiну трагедыi ў Драмлёва праходзiць жалобны мiтынг. Зямля з месца спаленай вёскi захавана таксама ў мемарыяльным комплексе "Хатынь".

У 18:40 на культурнай кнопцы - мастацкi фiльм, заснаваны на рэальных падзеях Вялiкай Айчыннай вайны, "Памятай iмя сваё" Сяргея Коласава. У цэнтры сюжэта - былая вязнiца канцлагера Зiнаiда (шыкоўная роля народнай артысткi СССР Людмiлы Касаткiнай) i яе сын, якiя на доўгiя гады згубiлi адзiн аднаго… Вядома, што падчас падрыхтоўкi да здымак Людмiла Касаткiна ўпотай ад мужа, рэжысёра Сяргея Коласава, дзеля праўдападобнасцi села на жорсткую дыету i пiла толькi гарбату з лiмонам i мёдам. У вынiку яна схуднела на 12 кiлаграмаў i падчас здымак некалькi разоў губляла прытомнасць ад знясiлення. 

Тэатр скажа праўду

Акрамя таго, у рамках спецыяльнага паказу "Беларусь 3" прапануе ўвазе гледачоў спектакль "Альпiйская балада" Рэспублiканскага тэатра беларускай драматургii i спектакль "Беражы мяне, каханая" Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. Прытча "Беражы мяне, каханая" прысвечана тэме Вялiкай Айчыннай вайны. Галоўныя героi - чатыры браты-музыкi, якiя раслi без бацькi: Алёша, Паўлiк, Даня i Рома. У пачатку спектакля яны яшчэ жывуць з мацi, але вайна змяняе iх лёс. Мiрнае жыццё доўжыцца нядоўга. Вайна бязлiтасна вырывае хлопцаў з шэрагаў жывых, хаця яны маглi б зрабiць значна больш... Драматург i аўтар лiбрэта Канстанцiн Рубiнскi кажа, што ў яго п’есе няма канкрэтных частак: мiнулага, сучаснага i будучага.

- У iм перасякаюцца ўсе лiнii часу. Ёсць рэтраспектывы, скачкi з мiнулага ў сучаснасць i дзве галоўныя лiнii: лiнiя 1941-1945 гадоў i лiнiя 1993 года. Можна сказаць, што для беларускага тэатра была напiсана асобная версiя, звязаная менавiта з сучаснай лiнiяй. Смутныя, цяжкiя гады... Пачатак кожнай дзеi адкрываецца вершамi Булата Акуджавы i Юрыя Левiтанскага, - дапаўняе Канстанцiн Рубiнскi.