21 февраля телеканал "Беларусь 3" отпразднует Международный день родного языка. Что ждет зрителей

20.02.2024

По сообщению sb.by

У сераду, 21 лютага, у кожнага чалавека на гэтай планеце ёсць нагода для цудоўнага свята. Бо менавіта ў гэты дзень ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.


Галоўны культурны канал Белтэлерадыё­кампаніі таксама далучыцца да незвычайнай міжнароднай ак­цыі. Цягам дня "Беларусь 3" прапануе сваёй аўдыторыі цікавы беларускамоўны кантэнт з лепшымі тэлепраек­тамі ўласнай вытворчасці, а таксама мастацкімі і дакумен­тальнымі стужкамі на роднай мове. Акрамя таго, гледачоў чакаюць чарговыя выпускі пазнавальных праектаў, якія адлюстроўваюць самыя розныя бакі нашай культурнай спадчыны.

На першым плане 

Для самых маленькіх у перадачах "Дабраранак" (пачатак у 7:00) і "Калыханка" (пачатак у 20:40) будуць паказаны мультфільмы вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". У 11:00 госцем праекта "Кадры жыцця" стане вядомы айчынны пісьменнік, сцэнарыст, рэжысёр Уладзімір Мароз. Ён распавядзе пра ўласны творчы шлях і падзеліцца сакрэтамі стварэння дакументальнага кіно. Мала хто ведае, што перад тым, як скончыць Літаратурны інстытут у Маскве і прыйсці ў дакументалістыку, Уладзімір Вікенцьевіч атрымаў яшчэ адну адукацыю. У 1975 годзе ён скончыў архітэктурны факультэт Беларускага дзяржаўнага політэхнічнага інстытута, некаторы час працаваў архітэктарам на "Інтэграле" і ў "Мінскпраекце".

У 15:45 у эфіры сацыякультурнага тэлеканала пакажуць мастацкі фільм "Цераз могілкі" вытворчасці кінастудыі "Беларусьфільм", які ў 1994 годзе ўвайшоў у спіс 100 лепшых стужак пра вайну. Вядома, што рэжысёр Віктар Тураў, тады ўжо прызнаны майстар, даведаўся пра гэта выпадкова. Удава рэжысёра Тамара Турава ўзгадвала ў інтэрв’ю.

- Сітуацыя выйшла анекдатычная. Пра сваё міжнароднае прызнанне Віктар Цімафеевіч пачуў ад кагосьці з расійскіх калег, здаецца, гэта быў Сяргей Салаўёў. А ўжо праз год яго афіцыйна запрасілі ў Францыю як члена ганаровага камітэта кінематаграфістаў з нагоды святкавання стагоддзя сусветнага кіно. На "Беларусьфільме" гэтую навіну ўспрынялі з вялізным здзіўленнем...

Таксама не сакрэт, што амаль за кожны фільм Тураву даводзілася ўступаць у барацьбу, часта пачынаючы нават з назвы. Афішы з надпісам "Цераз могілкі", якія з’явіліся ў кінатэатрах напярэдадні 20-годдзя Вялікай Перамогі, некаторыя крытыкі палічылі ледзь не аплявухай у адрас народа-пераможцы. Пачынаўся фільм выразна: ад бяроз камера спускалася ўніз, да могілак, падрабязна спыняючыся на кожным магільным каменні. Настолькі падрабязна, што можна было прачытаць імёны ўсіх, хто знайшоў пад імі вечны спакой... У канчатковай версіі засталіся толькі верхавіны бяроз і агульны план. Але абараніць назву Тураву дапамаглі: у ЦК КПБ знайшоўся чалавек, які здолеў пераканаць чыноўнікаў ад кіно, што вобраз могілак тут зусім не прымяншае народнага подзвігу...

У цэнтры сюжэту стужкі - група беларускіх партызан, якія бяруць на сябе задачу па падрыве гітлераўскіх ваенных эшалонаў. У групу ўваходзяць вясковы стараста Сазон Іванавіч Кулік, 16-гадовы Міхась і былы механік Бугрэеў, які знаходзіць неабходныя прылады для падрыву. Утрох яны рыхтуюцца да чарговага акту партызанскага супраціву ў царкоўнай старожцы, але іх планы парушаюць гітлераўскія акупанты… 

Ад прадзедаў спакон вякоў…

У 17:10 творчая група праграмы "Жывая спадчына" зладзіць фальклорную экспедыцыю ў аграгарадок Перароў Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласці, каб даведацца пра традыцыю вырабу прыпяцкага чоўна, што набыла статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Гледачы пазнаёмяцца ў тым ліку з вядомым майстрам Леанідам Шаўцом, які свой першы човен зрабіў у 1998 годзе. І вось ужо больш за 25 гадоў драўляная лодка спраўна служыць свайму гаспадару.

Дарэчы, з кожным разам знайсці тых, хто перадае традыцыі, веды, тэхналогіі ды мову продкаў будучым пакаленням, усё цяжэй, не ўтойвае аўтар праграмы "Жывая спадчына" Надзея Габец:

- На вялікі жаль, застаецца ўсё меней тых, хто памятае і захоўвае традыцыі нашых продкаў. Бабулі ды дзядулі сыходзяць, моладзь з’язджае ў горад, няма каму працягваць справу… Напрыклад, калі мы рыхтавалі праграму пра культуру бандарніцтва ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці, сутыкнуліся з праблемай: у жывых ужо не засталося тых майстроў, якія б рабілі бочкі спакон веку. У горадзе працуе дзіцячая школа, якая захоўвае і папулярызуе гэта народнае рамяство, але гэта зусім не тое… Таму нам давялося шукаць бондара не тое што ў Іванаўскім раёне - па ўсёй Брэсцкай вобласці! Каб толькі пабачыць тыя сапраўдныя драўляныя нарыхтоўкі… 

Адразу пасля "Жывой спадчыны" ў сваёй аўтарскай праграме "Люблю і памятаю" Уладзімір Арлоў успомніць дырыжора народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга. Таксама на працягу ўсяго святочнага дня ў міжпраграмных перапынках на тэлеканале "Беларусь 3" будуць гучаць вершы класікаў - Уладзіміра Караткевіча, Аркадзя Куляшова, Сяргея Грахоўскага, байкі Кандрата Крапівы ў выка­нанні прадстаўнікоў беларус­кай культуры.