11.05.2018

"Рэспублiка"

Журналіст і тэлевядучы Аляксандр Дамарацкі пра былую і сённяшнюю "тэлекухню".

Аляксандр Дамарацкі - адна з самых пазнавальных медыяперсон, журналіст і тэлевядучы - у прафесіі 45 гадоў. Падчас святкавання Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі мы сустрэліся з мэтрам.

- Аляксандр Мікалаевіч, прыхільнікі неяк страцілі вас з поля зроку? Дзе і калі можна пабачыць перадачы вашага аўтарства?

- Тэлеканал "Беларусь 3" час ад часу паўтарае мае праграмы, але гэта - архіў. І я рады, што амаль за паўвека на тэлебачанні стварыў і пакінуў такія перадачы, якія, як гаворыцца, па-за часам, навечна. Лічу, самае галоўнае ў нашай прафесіі - застацца ў памяці і ў сэрцы. Не проста ярка мільгнуць, але трапіць у думкі чалавека, крануць яго эмоцыі і пасяліцца дзесьці там, унутры тэлегледача, стаць для яго запамінальным і важным. Мяркую, у мяне гэта атрымалася. І не толькі з прычыны таго, што работы мае па сённяшні дзень у эфіры. Я ж паўгода як афіцыйна развітаўся з тэлебачаннем, не працую. Прыйшоў час, калі здароўе "папрасіла". Ды і эфіраў за плячыма - тысячы, адных выпускаў праграмы "Святло далёкай зоркі" - за чатырыста. Сёння я адпачываю. Але па-за ТВ сябе не адчуваю. Па-першае, няма таго дня, калі б мне не тэлефанавалі калегі. Па-другое, не паверыце, мяне дагэтуль пазнаюць і вітаюць на вуліцы. І яшчэ, я цяпер гляджу тэлебачанне часцей. Зрэшты, душа не не ды і рвецца зноў туды, у свет, які стаў для мяне жыццём і лёсам, свет экрана. Не выключаю: калі б зноў запрасілі і прапанавалі праект - згадзіўся б. Ідэй і імпэту засталося нямала!

- Тэлеглядач вы дасведчаны, добра ведаеце тэлевізійную кухню, напэўна, бачыце ўсе дробязі, дэталі. Падабаецца вам сучасны беларускі тэлепрадукт? Што скажаце пра калег больш маладога пакалення?

- Не хачу быць падобным да старых, якія скардзяцца: "Маладыя зараз нічога не ўмеюць, вось у нашыя часы было інакш". Так, у нашу пару было сапраўды інакш. Але самі часы мяняюцца. У моладзі, якая сёння робіць эфір, ёсць шанц рабіць яго лепей. Не лічыць сябе супердасканалымі і "прасунутымі", а разумець: меж для росту няма, і вопыт папярэдніх пакаленняў няблага ўлічваць і карыстацца ім. На тэлебачанні ёсць рэчы, у якіх не трэба вынаходзіць веласіпед.

Бывае, заўважаю на экране яркія асобы, таленавітыя матэрыялы. Але хочацца, каб іх было больш. Хачу пажадаць усім, хто сёння "робіць" тэлебачанне, адбыцца ў сваёй прафесіі і падарыць як мага больш праўдзівай інфармацыі і добрых пачуццяў тэлегледачу. Мы прыходзім на экран не для таго, каб любавацца на сябе. Выходзячы ў эфір, мы трапляем у кожную кватэру, кожную хату, і нас пускаюць, нам давяраюць, калі абіраюць наш канал. Трэба апраўдаць гэты давер.

- Напэўна, маладым заўсёды няпроста. Як пачыналі вы і як вам удалося авалодаць глядацкім сэрцам і выклікаць у тэлегледачоў давер?

- Я прышоў на БТ у 1972 годзе. Сам быў занадта маладым, і тэлебачанне - юным, яму было 16. Мой тэлелёс стартаваў з рэдакцыі інфармацыі (сёння гэта АТН) - цудоўная школа. Працаваў рэпарцёрам, вёў навіны, потым "Мінскі веснік", "Панараму". Любіў выязджаць на здымкі. Наогул праца была проста касмічная ў параўнанні з сённяшнімі магчымасцямі ТБ. Уявіце, мы рабілі тое, што і сённяшнія журналісты: аператыўна збіралі і падавалі інфармацыю, сачылі за кожнай падзеяй, але пры якіх тэхнічных умовах! Плёнка - чорна-белы негатыў, трэба было паўтары гадзіны чакаць, пакуль яна выйдзе ў эфір, манціравалі ўручную спецыяльным прэсам, клеілі… Сёння, на шчасце, у маладых калег падобных цяжкасцей менш. Тэхнічны прагрэс пайшоў наперад сямімільнымі крокамі. Але заўсёды было і ёсць галоўнае - наколькі ты заахвочаны прафесіяй. Я прыйшоў, калі працавалі на энтузіязме, былі ўлюбёныя ў справу, вучыліся адзін у аднаго. І мелі адвагу. Палітыка, ідэалогія, цэнзура, стандарты Масквы, пытанні з беларускамоўем. Выглядаць належала лепшым чынам, а дзе навінкі моды ўзяць? Строгасць наконт вусоў ці барады ў кадры. Без гальштука - нельга. Ніякіх распушчаных валасоў у жанчын. Другі быў час, і ў вялікім, і ў дробязях.

- Вашу тэлекар’еру можно назваць выдатнай. Акрамя творчасці, ведаю, быў час, калі Аляксандр Дамарацкі займаў і кіраўніцкую пасаду. Генеральны дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлепраграм. Як працавалася?

- Гэта быў час ускладзенай на мяне асаблівай адказнасці і цікавай працы.

Мы тады нямала новых праектаў, асабліва якія тычыліся тэм культуры і духоўнасці, унеслі ў вяшчальную сетку. Адкрылі нямала новых асоб, улілі "свежую кроў" у штат. Але гэта таксама час няпростых рашэнняў і ўнутранай асабістай праверкі, праверкі людзей на прафесійныя і чалавечыя якасці. Мой кіраўніцкі перыяд супаў з новым этапам у гісторыі самога БТ, і гэта таксама было выпрабаваннем. Вельмі дапамог тады вопыт працы ў аддзеле інфармацыі. Дысцыпліна, каманднасць дзейнасці - усё адтуль. У мяне былі добрыя супрацоўнікі, верныя мае паплечнікі, хаця і "нядобрым чалавекам" я тады раптам таксама стаў для многіх. Творчы механізм вельмі складаная рэч. Тут суседнічаюць пазітыўнае і нешта зласлівае: зайздрасць, памкненне лічыць грошы ў чужой кішэні, плёткі… Рабілі нямала, каб паставіць плямы на мой "светлы вобраз". Але я перажыў усе моманты і застаўся творчым чалавекам. Быць публічным - гэта праца. Быць кіраўніком - гэта праца ўдвая. Кіраўніцтва, як і творчасць увогуле, як і ўсё наша жыццё, грунтуецца на ўменні наладжваць стасункі з людзьмі, не зневажаючы іх. Вось вы пыталіся, як знайсці ключ да сэрца. Адказ такі ж: любіць людзей, у кожным бачыць лепшае, дараваць слабасці, прыходзіць да чалавека са шчырасцю - ці то рэальна, ці то з экрана. Іншага рацэпта я не ведаю.

Алеся УЛАДЗІМІРАВА.