"Беларусь 3" пакажа тэлеверсію адкрыцця кінафестываля "Лістапад"

16.11.2023

По сообщению zviazda.by

Тэлеканал "Беларусь 3" запрашае на культурныя выхадныя 18 і 19 лістапада. Гэтымі днямі сацыякультурны канал пакажа тэлеверсіі дзвюх галоўных падзей у кінематаграфічным і тэатральным жыцці краіны.


Восень - традыцыйны час падводзіць вынікі і адзначаць лепшыя дасягненні ў розных галінах грамадскага жыцця. 

У тым ліку - у сферы культуры і мастацтва. Так, XXІX Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пад слоганам "Ствараем будучыню" зноў з 14 да 24 лістапада збірае ў беларускай сталіцы найлепшыя ігравыя і дакументальныя стужкі з розных краін, знакамітых кінамайстроў і маладых амбіцыёзных аўтараў. Усяго ж эксперты абралі для паказу ў рамках праграмы амаль 80 работ з больш чым дзвюх тысяч заявак. Цырымонію ўрачыстага адкрыцця форуму ў "Доме кіно" тэлеканал "Беларусь 3" пакажа ў суботу 18 лістапада ў 21.05. Адразу пасля ў 21.55 гледачоў чакае нацыянальная кінапрэм’ера года - стужка "На другім беразе" вытворчасці студыі "Беларусьфільм". А цырымонію закрыцця і ўзнагароджання пераможцаў міжнароднага кінафоруму тэлеканал пакажа 25 лістапада ў 21.05.

Таксама гэтымі днямі падводзіць вынікі і VІІ Рэспубліканскі конкурс тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія" і адзначае найлепшыя пастаноўкі беларускіх тэатраў. Сёлета ў конкурскай праграме прымаюць удзел 32 спектаклі ад 20 тэатраў Мінска, Брэста, Гомеля, Гродна, Маладзечна, Слоніма, Віцебска, Магілёва. Аб выніках самай значнай падзеі ў тэатральным жыцці краіны гледачы даведаюцца падчас тэлеверсіі ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу ў нядзелю 19 лістапада ў 21.05.

А больш падрабязна пра гэтыя і іншыя падзеі можна заўсёды даведацца ў сюжэтах карэспандэнтаў праграмы "Навіны культуры" і рэпартажах праекта "Культурны тыдзень".