"Беларусь 3" распачынае супрацоўніцтва з Нацыянальным архівам Беларусі

13.10.2022

Да 100-годдзя дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі тэлеканал "Беларусь 3" сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь у праекце "Навіны культуры" запускае серыю інтэрв’ю з навуковымі супрацоўнікамі архіўных устаноў.

Сёння ў краіне дзейнічаюць 157 архіўных устаноў, што забяспечваюць захаванасць, улік і выкарыстанне дакументаў, большая частка з якіх уваходзіць у склад Нацыянальнага архіўнага фонда. Зараз у яго супрацоўнікаў і магчымасцей больш, і задач. 

"Справа архівістаў - не толькі захоўваць, але і ажыўляць гісторыю, рабіць яе даступнай і зразумелай для ўсіх, - распавядае аўтар і вядучая "Навінаў культуры" Ганна Панцялеева. - Дарэчы, на афіцыйным сайце Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь размешчаны шэраг праектаў, прымеркаваных да юбілейнага для архівістаў года і Года гістарычнай памяці. У праграме "Навіны культуры" мы штотыднёва будзем расказваць пра гэтыя праекты, а таксама пра фонды і людзей, якія захоўваюць і ствараюць дакументальна-гістарычны летапіс Беларусі".

"Беларусь 3" распачынае супрацоўніцтва з нацархівам Беларусі

Серыю адмысловых сустрэч распачала размова з загадчыкам аддзела публікацый, кандыдатам гістарычных навук Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Святаславам Кулінком пра праект "Баявы летапіс партызан Беларусі". Даведацца больш пра такія дакументальныя праекты, як "Без тэрміну даўніны", "Мінскае гета", "Перасяленцы з БССР", інтэрнэт-партал "Партызаны Беларусі" і іншыя можна будзе з першых вуснаў у "Навінах культуры" на "Беларусь 3".

Сацыякультурны тэлеканал медыяхолдынга кожны дзень у фармаце навіннага блока распавядае гледачам пра апошнія падзеі ў мастацкім і культурным жыцці сталіцы і іншых гарадоў краіны.