"Беларусь 3" абвяшчае "Тыдзень кнігі"

"Беларусь 3" абвяшчае "Тыдзень кнігі"

29.01.2020
Пресс-релиз

З 5 па 9 лютага ў сталіцы пройдзе XXVII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. З нагоды культурнай падзеі тэлеканал "Беларусь 3" прапануе гледачам тэматычную эфірную акцыю "Тыдзень кнігі" - шэраг уласных праектаў, прысвечаных беларускім пісьменнікам, канцэртныя літаратурна-музычныя праграмы, відэаролікі з вершамі вядомых паэтаў у выкананні беларускіх артыстаў, а таксама штодзённыя спецвыпускі праграмы "Навіны культуры".

На працягу ўсёй выставы карэспандэнты "Навін культуры" будуць прапаноўваць гледачам шматлікія інтэрв’ю з пісьменнікамі і выдаўцамі, а таксама рэпартажы з галоўных мерапрыемстваў кніжнага форуму. 4 лютага, напярэдадні адкрыцця выставы, у "Навінах" запланавана інтэрв’ю з Міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Карлюкевічам.

Таксама 4 лютага ў 23:30 "Беларусь 3" пакажа выпуск праграмы "Запіскі на палях", якая распявядае пра малавядомыя факты з жыцця і творчасці класікаў айчыннай літаратуры. Першы з трох выпускаў, якія тэлеканал пакажа падчас акцыі, прысвечаны Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу.

5 лютага ў 20:00 гледачы сустрэнуцца з паэткай Кацярынай Масэ ў праекце "На вышыні".

Настроіць на адпаведны лад раніцай 6 лютага спецвыпуск праграмы "Дабраранак", а ў 13:05 канал пакажа гала-канцэрт "Льецца песня па-над Шчарай", запісаны ў мінулым годзе да Дня беларускага пісьменства. У 23:25 гледачоў чакаюць "Запіскі на палях" пра Аркадзя Куляшова.

7 лютага ў 12:55 "Беларусь 3" прапануе канцэртную праграму "Зорны карагод" з Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2019".

8 лютага ў 11:20 праект "Запіскі на палях" распавядзе пра лёс і творчасць Івана Мележа, а пасля, у 11:45, гледачы ўбачаць кінаэпапею "Людзі на балоце. Палеская хроніка" ("Беларусьфільм", 1981) паводле яго аднайменнага рамана.