"Зямля Леаніда Левіна" - Купалаўскі музей прадставіў біяграфічную выставу архітэктара

15 мая 2024

80-годдзе вызвалення Беларусі, 75 Купалаўскаму парку сталіцы і 10 гадоў, як не стала маэстра - тры даты аб'яднала выстава "Зямля Леаніда Левіна". Гэта сумесны праект Літаратурнага музея Купалы і дачкі архітэктара. У прасторы народнага паэта Беларусі пабывала і Наталля Бардзілоўская. 

"Зямля Леаніда Левіна" - за словамі мы ўяўляем перш-наперш Хатынь, Чырвоны Бераг, мінскую "Яму" і іншыя мемарыялы ахвярам і героям Вялікай Айчыннай. Такія помнікі аўтарства і суаўтарства Леаніда Мендэлевіча па ўсёй краіне. Але творы мірнай тэматыкі і ў мірны час. Каля 40 гадоў Левін адпрацаваў у Мінскпраекце. Не менш значныя яго работы - гэта станцыі метро "Плошча Леніна" і "Няміга", рэгенерацыя Траецкага і Ракаўскага прадмесцяў, увогуле Верхняга горада. Адно з самых любімых месцаў мінчан - Купалаўскі парк у цэнтры сталіцы, побач з музеем народнага паэта - таксама вынік работы Левіна і каманды: Градава, Анікейчыка, Гумілеўскага і Заспіцкага. 

Першы, хто архітэктурна аднавіў пасляваенны парк Купалы, - Ігар Рудэнка ў 50-я. Левін з калегамі ўзяліся за прастору ў 1972-м, праца над купалаўскай тэмай для калектыву была больш чым архітэктурная. Гэта было паглыбленне ў біяграфію і творчую спадчыну паэта-класіка, спроба зразумець усю магутнасць і ўвесь маштаб яго асобы. 

Аўтабіяграфічная кніга "Хатынь" на самым бачным месцы выставы. У зборніку Левін расказаў не толькі пра знакаміты мемарыял-сімвал спаленых вёсак, але і пра сваё жыццё, творчасць, пра людзей. Без перабольшання кожнага чалавека ў сваім лёсе Леанід Мендэлевіч лічыў значным. 

Выстава аб ўсім. Паліцы музейных вітрын - скрозь прадметная эклектыка. Тут і модныя гальштукі, якія насіў Левін, і наборы для працы (алоўкі, ластыкі, рэйсфедары, гуаш, акварэль), рэдкія фатаграфіі. І нават хатнія рэчы, якія стваралі камфорт і самому архітэктару, і яго сям'і. 

Галіна Левіна ўпершыню з праектам у Купалаўскім. Тандэм з музеем адбыўся ўзаемна цікавым. Будуць працягваць і па-новаму адкрываць славутыя імёны нашых землякоў.