Звычайны цуд i яго наступствы

15.05.2007
"Звязда", 15 мая 2007 г.


"Еўрабачанне-2007"
У лiдарах песеннага конкурсу - балканскiя матывы i славянскiя танцы
Яшчэ пяць дзён таму тэлегледачы слаба верылi, што Беларусь упершыню за чатыры гады выбралася ў фiнал мiжнароднага конкурсу "Еўрабачанне", а сёння многiя ўжо абураюцца, што мы - "толькi" на шостым месцы...
Перамогу ў "Еўрабачаннi-2007", нягледзячы на тое, што яго даўно ўжо называюць не вакальным спаборнiцтвам, а конкурсам шоў-пастановак, атрымала лiрычная балада "Малiтва" ў выкананнi сербскай спявачкi Марыi Шэрыфавiч. 23-гадовая патомная артыстка набрала 268 балаў. Шоў "зiбен-зiбен-ай-лю-лю" ад Веркi Сярдзючкi стала толькi другiм з 235 баламi (дарэчы, гледачы дагэтуль спрачаюцца, "Лаша тумбай" або "Раша, гудбай" спяваў/ла гарачы/ая ўкраiнскi/ая выканаўца). На трэцiм месцы з 207 баламi па вынiках галасавання апынулiся дзяўчаты з расiйскага гурта "Серабро", што аўтаматычна панiзiла статус музычных Лалiт да "бронзы". Чацвёртае месца "выбiла" прадстаўнiку Турцыі шматлiкая дыяспара. Пятым аказаўся балгарскi дуэт этна-перкусiянiстаў. На шостым месцы - прадстаўнiк Беларусi Дзмiтрый Калдун, песня якога "Wоrk Yоur Mаgiс" на музыку Фiлiпа Кiркорава i словы Карэна Кавалерана зарабiла 145 балаў. Вышэйшыя балы Беларусi аддалi Iзраiль, Украiна i Расiя, па 10 паставiлi Малдова, Арменiя i Мальта. Гэтаксама ў дзесятку трапiлi Грэцыя, Арменiя, Венгрыя i Малдова, што дае права гэтым краiнам у наступным годзе пачаць барацьбу адразу з фiналу. Лiдарам па вынiках галасавання сярод кампазiтараў стала песня Венгрыi, прадстаўнiкам якой i быў уручаны спецыяльны прыз.
Дарэчы, заўважым, што Дзмiтрыю Калдуну, якi выканаў сваю праграму-максiмум, удалося лiтаральна ўскочыць у апошнi вагон: з 2009 года правiлы конкурсу будуць зменены, i "Еўрабачанне" разаб’ецца на два паўфiналы, аўтаматычна ж у фiнал трапiць толькi пераможца плюс краiны "вялiкай чацвёркi" Францыя, Вялiкабрытанiя, Iспанiя i Германiя. Так што наступнаму прадстаўнiку ад Беларусi 21-гадовы спявак зрабiў, без перабольшання, каралеўскi падарунак. Ну i сабе самому, натуральна, таксама. У якасцi першага падарунка ў адказ беларусы наладзiлi спеваку ўрачыстую сустрэчу ў аэрапорце "Мiнск-2", куды ў нядзелю прыляцела з Хельсiнкi беларуская дэлегацыя.
...Мы прыбылi ў аэрапорт за гадзiну, i наiўна меркавалi, што будзем першымi. Аказалася, журналiстаў апярэдзiў аркестр роты ганаровай варты i мiнскi фан-клуб Дзiмы Калдуна, удзельнiкi якога запоўнiлi залу чакання кветкамi, плакатамi i шарыкамi. Рэпецiравалi крычалку, можа, не вельмi рыфмаваную, затое эмацыянальную: "Наш Калдун, як Першы Пётр, прарубiў акно ў Еўропу!". "Канешне, хацелася, каб Дзiма трапiў у першую пяцёрку - але для яго гэта ўсё адно поспех, а для нас - перамога, - радасна паведамiлi 13 дзяўчат-"калдуняў", якiя паспелi выпiсаць спеваку адмысловую грамату "за паспяховую калдунiзацыю Еўропы". - Жадаем Дзiму, каб "Еўрабачанне" стала не канцавым, а зыходным пунктам, трамплiнам, з якога пачнецца яго далейшая кар’ера!"
Праз колькi хвiлiн падцягнулася вялiкая колькасць актывiстаў Беларускага рэспублiканскага саюза моладзi, якiя лiтаральна за дзень вырашылi арганiзаваць Калдуну сустрэчу з песнямi i танцамi. Блiжэй да прылёту прыбыла i афiцыйная дэлегацыя на чале з памочнікам Прэзiдэнта Беларусi Алегам Праляскоўскiм. Сам жа вiноўнiк урачыстасцi спусцiўся па трапу самалёта ў лiку апошнiх. Вельмi стомлены. Убачыўшы колькасць сустракаючых, Дзiма, здаецца, атрымаў лёгкi шок, i наўрад цi чуў большасць вiншаванняў i слоў падтрымкi, якiя яму крычалi прыхiльнiкi. Затое ўражаннi - як тых, хто хварэў за Калдуна ў Мiнску, так i тых, хто знаходзiўся побач з iм у Хельсiнкi - паспелi запiсаць мы.

Алег Елісеенкаў, кампазiтар, кiраўнiк студыi "Гран-пры":
- Я не змог дазванiцца да Дзiмы, ён амаль увесь час быў недаступны, затое патэлефанаваў мне пасля паўфiналу сам, лiтаральна праз некалькi хвiлiн пасля выступлення. Спытаўся, як выглядаў нумар - я адказаў, што ўсё цудоўна, пастаноўка шыкоўная, i на фiнале не трэба лепш, варта толькi трымаць планку. Нават калi б Дзiма стаў дзесятым, гэта быў бы поспех, а шостае месца - гэта ўвогуле дасягненне, асаблiва ў такiм моцным фiнале, якi быў сёлета. Мне вельмi падабаецца, што перамагла музыка, а не шоў - сапраўдная музыка i душэўнасць...

Таццяна Барысаўна, мама:
- Я глядзела паўфiнал i фiнал, не адыходзячы ад камп’ютара i тэлевiзара - адным вокам туды, адным туды. Хвалявалася? Ну, як усе... Можа, крыху больш. Не загадвала нiчога, проста верыла, што Дзiма выступiць добра, i спадзявалася на вынiк. Зараз у нас галоўная задача - атрымаць дыплом у iнстытуце, а з кар’ерай пытанне, думаю, будзе вырашацца паэтапна.

Аляксандр Ціхановіч, кiраўнiк праекта "ЕўраФэст":
- Планаваць "Еўрабачанне" немагчыма, гэта непрадказальны конкурс, i ўсе прагнозы аказваюцца памылковымi. Прадказаў я толькi пераможцу - Сербiю - бо гэта было бачна адразу. Вельмi ўдала таксама выступала малдаванка, дакладна адпрацавала Сярдзючка i расiянкi, што i забяспечыла iм высокiя месцы. Я прасiў Бога, каб мы трапiлi ў дзесятку i наступнаму прадстаўнiку Беларусi было лягчэй... Гэта спраўдзiлася, i я шчаслiвы. Наконт далейшага творчага лёсу нiчога не магу сказаць - у Калдуна заключаны кантракт з маскоўскiм прадзюсарам, так што яго кар’ера будзе вырашацца менавiта ў Маскве. Пэўныя дамоўленасцi ў нас ёсць, думаю, усё будзе нармальна.

Дзiма Калдун:
- Дзякуй усiм тым, хто верыў у мяне, i асобны дзякуй тым, хто не верыў, гэта падштурхоўвала да працы, напэўна. Вельмi хочацца, каб Беларусь дасягала вялiкiх поспехаў у свеце. Я - рады, але вельмi стамiўся. Паеду адсыпацца, потым, напэўна, змагу сказаць штосьцi больш асэнсаванае.
"Еўрабачанне-2008" пройдзе 22-24 мая ў Бялградзе. Пакуль жа на слыху i на вуснах "Еўрабачанне-2007", якое будзе аналiзавацца i ацэньвацца яшчэ доўга. Гавораць рознае, i добрае, i дрэннае. А i няхай сабе гавораць, робяць высновы. Наша, напрыклад, такая: калi вельмi захацець i пастарацца - усё атрымаецца.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.