Зоркі ў дзіцячых далонях

24.11.2003
"Культура", 22 - 28 лістапада 2003 г.


"Зорку вазьмі ў далонь і танцаваць пачні"... 15 лістапада гэты закпік пачулі дзесяткі мільёнаў гледачоў з усёй Еўропы. I хаця мова была для іх незразумелая, ачараванню таго мілага стварэння, якое яго агучыла, не паддацца было немагчыма. Вынік вы ўжо, напэўна, ведаеце: на дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне" дзесяцігадовая беларусачка Воля Сацюк заняла чацвёртае месца, набраўшы 103 балы. Назва яе роднага Кобрына прагрымела ў той вечар не раўнуючы на ўвесь свет.
Нягледзячы на тое, што імпрэза праводзілася ўпершыню, на яе прэстыж гэтая акалічнасць зусім не паўплывала. Бо "брэнд" - гэта "брэнд", і ўжо адно толькі слова "Еўрабачанне" здатнае прымусіць мноства людзей уключыць тэлевізары. I таму адбыўся поспех нашай юнай суайчынніцы (бо быў гэта, без усякага сумневу менавіта поспех) у капенгагенскай імпрэзе.
Само сабою (хоць падобныя падзеі і здатныя адкарэктаваць стэрэатып наконт таго, што "вялікая сцэна" - прэрагатыва выключна дарослых), падрыхтоўка дзіцячых нумароў не абышлася без дапамогі старэйшых. Менавіта яны арганізавалі на Беларусі конкурс "Сузор'е надзей" (гэты абавязак быў ускладзены на Беларускае тэлебачанне), пераможцам якога і стала Воля. Аднак... Умовы конкурсу папраўдзе вылучаліся сваёй арыгінальнасцю: мала таго, што ўдзельнікі мусілі мець не болей за пятнаццаць гадоў дык яшчэ і аўтар песні павінен быў адпавядаць такому ўзроставаму цэнзу!
На шчасце, з гэтым праблем не ўзнікла. Журы "Сузор'я" адразу ўпадабала песню "Танцуй" пятнаццацігадовай жыхаркі вёскі Казловічы, што на Случчыне, Каці Ліпоўскай. Аднак з розных прычын яе спяваць даручылі ўсё ж Вользе - хаця аўтарка таксама з'ездзіла ў Капенгаген, каб паўдзельнічаць у шоу.
Тое, што Беларусь падрыхтавала яркае, эмацыйна насычанае відовішча, было відавочным для арганізатараў яшчэ да дня фэсту. Рэпетыцыя нашай "зборнай" выклікала ў іх такі водгук: "Дзякуючы дасканала падрыхтаванай падтанцоўцы, нумар Беларусі абсалютна адпавядае сваёй назве. Вельмі дзіўна, як гэта Каця не раскалола ў трэскі свае клавішы - бо яна, падобна, надта намагалася гэта зрабіць...".
Каця, як выявілася, дзяўчына сапраўды гарэзлівая. Бо інакш у сваёй анкеце на афіцыйным сайце конкурсу яна б не паведаміла, што ўмее граць не толькі на клавішах, але і на нервах. У кожным разе, відавочна, што на нашай эстрадзе з'явілася новае яскравае аблічча (а таксама і прыгожы твар).
Калі для якой Англіі паспяховы ўдзел у падобным конкурсе - гэта проста прыемная, але звыклая падзея, дык для Беларусі - яшчэ і нештачкі большае. Гэта магчымасць паведаміць пра сябе нават тым, хто зусім не цікавіцца палітычнай геаграфіяй, выявіць хараство ды мілагучнасць сваёй роднай мовы.
Таму грэбаваць такімі шанцамі не выпадае. Чаго, будзем спадзявацца, і не зробяць старэйшыя паплечнікі Волі і Каці, якія паедуць на дарослае "Еўрабачанне".

Па прыездзе юнай зоркі ў сталіцу сваёй радзімы карэспандэнту "К" удалося задаць ёй некалькі пытанняў.

- Скажы, а табе не страшна было ўдзельнічаць у такім вялікім конкурсе? А раптам штось не атрымаецца, раптам не ацэняць...
- Канешне, я хвалявалася: ці спадабаюся, ці не. Але ў мяне была такая добрая песня, што яна павінна была спадабацца. Наўрад ці было каму сумна, калі я спявала.

- Ці бачыла ты, як рэагавалі гледачы ў зале?
- Вельмі добра рэагавалі: крычалі, пляскалі ў ладкі, танчылі.

- Ты адчувала ад гэтага нейкую падтрымку?
- Безумоўна. Я старалася, каб яны пляскалі, а яны - каб мне было лягчэй.

- Як даўно ты пачала спяваць?
- Недзе ў тры з паловай гады.

- Кажуць, ты вельмі любіш народныя песні. А як жа аўтарскія?
- Я люблю і тыя, і тыя. Мне ўвогуле вельмі падабаецца спяваць.

- На прэс-канферэнцыі ты сказала, што ўпадабала Данію, бо там "жыве" пісьменнік Андэрсен. Ты ўспрымала гэту краіну як месца дэеяння яго казак?
- Так, я вельмі люблю казкі Андэрсена і мульцікі, знятыя паводле іх. Данію палюбіла, і горад Капенгаген. Ён такі... казачны. Усё прыгожае, старажытнае... Уражанняў - процьма!

Ілля СВІРЫН.