Жыццё i слёзы, i любоў - на плошчы Перамогi ў Мiнску

17.06.2004
"Звязда", 17 чэрвеня 2004 г.


Увечары 3 лiпеня славутая плошча Перамогi ў цэнтры Мiнска ператворыцца ў велiзарную сцэнiчную пляцоўку, дзе на працягу некалькiх гадзiн будуць “ажываць” гiстарычныя моманты вызвалення нашай рэспублiкi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў. I жыццё, i слёзы, i любоў, i незагойныя раны вайны ўвасобяцца ва унiкальнае вiдовiшча, якое, мяркуецца, змогуць назiраць жыхары ўсёй краiны - дзякуючы рэтрансляцыi прадстаўлення на вялiкiя экраны, размешчаныя ў розных кропках горада, а таксама трансляцыi на Першым нацыянальным тэлеканале.
Творчай групе Белтэлерадыёкампанii, якая з’яўляецца iнiцыятарам праекта, менш за ўсё хацелася б ператварыць сваё “дзецiшча” ў пампезную ўзорна-паказальную “падзею года”. Аўтары iдэi i сцэнарыя, рэжысёры-пастаноўшчыкi праекта “Плошча Перамогi” Надзея Гаркунова i Уладзiмiр Iсат маюць на мэце нешта значна большае - абудзiць нашу памяць i прымусiць сотнi тысяч сэрцаў бiцца ва унiсон. На плошчы Перамогi збяруцца самыя розныя людзi: ветэраны з ордэнскiмi планкамi, прадстаўнiкi «сярэдняга» пакалення, удзельнiкi сучасных войнаў, студэнты, творчая моладзь... “Пераплесцi” людзей, падзеi i час у адзiн “вянок памяцi” - такая задача па сiлах сёння толькi мастацтву.

- Гэта будзе не проста традыцыйны канцэрт, - расказвае аўтар iдэi праекта, рэжысёр-пастаноўшчык Надзея Гаркунова. - Мы рызыкнулi ператварыць плошчу Перамогi i ў тэатральную пляцоўку, i ў глядзельную залу адначасова. Пабудаваныя паўкругам дамы, што “замыкаюць” архiтэктурную кампазiцыю плошчы, будуць завешаны спецыяльнымi пано, на якiя “перанясуцца” павялiчаныя ў памеры пiсьмы франтавiкоў - самыя сапраўдныя. А падчас прадстаўлення пано ператворацца ў велiзарныя экраны i перыядычна будуць нагадваць гледачам аб падзеях мiнулай вайны.

Нi на крок не адступiць ад гiстарычнай праўды, паказаць падзеi ад пачатку 40-х да заканчэння вайны максiмальна наблiжанымi да рэальных - напэўна, у гэтым i заключаецца унiкальнасць стаўлення творчай групы праекта да сваёй задачы.
Надзея Генадзьеўна праз газету папрасiла прабачэння ў мiнчан - жыхароў тых дамоў, якiя задзейнiчаны ў праекце, - за часовыя нязручнасцi i запрасiла iх усiх узяць удзел у свяце.
А яно сапраўды абяцае стаць незабыўным. Не таму нават, што ўключыць у сябе выступленнi ледзь не ўсiх славутых калектываў, ансамбляў i артыстаў. А таму, што ў сэрцах мiльёнаў беларусаў да гэтага часу жыве боль той вайны...

Наталля КАРПЕНКА.