Здзівіць за 300 секундаў

20.12.2014
"Звязда", 20 снежня 2014 г.

 
Чым плануюць "узяць" журы і гледачоў прэтэндэнты на "Еўрабачанне"?
Ужо на наступным тыдні, увечары 26 снежня, адбудзецца гала-канцэрт фіналістаў нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне", па выніках якога ў фаворы застанецца толькі адзін з пятнаццаці - той (ці тая або тыя), хто і прадставіць налета Беларусь на конкурсе.
Большасць з гэтых артыстаў і калектываў ужо добра знаёмыя шырокаму колу гледачоў, але пра некаторых публіка дагэтуль не можа зразумець, хто гэтыя людзі. "Звязда" вырашыла пазнаёміць усіх ахвотных з фіналістамі бліжэй і распытала саміх артыстаў, чым за 3 хвіліны, што доўжыцца нумар, можна ўразіць суддзяў і аўдыторыю ў самае сэрца. А для большай зручнасці мы падзялілі ўдзельнікаў на некалькі ўмоўных груп:

"Старажылы"

Пальма першынства ў гэтай групе, безумоўна, належыць Гюнеш. Для спявачкі, якая бярэ ўдзел у адборы з 2005 года, сёлетні фінал будзе ўжо шостым (!). Пасля шэрагу няўдач, калі Гюнеш заставалася літаральна ў адной прыступцы ад перамогі, і пасля леташняга бліскучага выступлення на альтэрнатыўным конкурсе Turkvіsіоn многія былі ўпэўнены, што артыстка наогул кінула гэту справу.
- Насамрэч мяне ўгаварыў муж,?- прызналася спявачка.?- Ён сказаў: "Ты нічога не губляеш, калі не пройдзеш, а галоўнае - я ж бачу, ты атрымліваеш ад гэтага задавальненне".
У фінале Гюнеш выканае абсалютна фарматную для конкурсу баладу "І bеlіеvе іn а mіrасlе", музыку да якой напісала сама, а на сцэне кампанію ёй складуць бэк-вакалісты і, магчыма, ветрадуй.
Не менш вопытны баец "Еўрабачання" і Жанет, якая пасля адбору 2004 года (першы раз, калі Беларусь удзельнічала ў конкурсе) шмат разоў змяніла імідж і музычны кірунак. Летась яна ўразіла вельмі простым, але эфектным нумарам з пераадзяваннем на сцэне - цікава, што рыхтуе сёлета?
- На гэты раз пераадзявання не будзе,?- смяецца Жанет.?- Задум для нумара насамрэч было вельмі многа, і ўсе незвычайныя, але не ўсе падыходзяць для сцэны, на якой пройдзе канцэрт. Пакуль што працуем, днямі ўжо атрымалі пэўны рэквізіт з?за мяжы, дызайнер таксама запэўніла, што ў яе ўсё ў парадку. А яшчэ на наступным тыдні прыляцяць са Швецыі дзяўчаты - аўтаркі песні "Suреrnоvа", якія будуць са мной на сцэне ў якасці бэк-вакалістак.
Трэці ў "ветэранскім" спісе - гурт Rоstаnу. Не здзіўляйцеся, калі гэтая назва вам незнаёмая. Насамрэч вакаліст калектыву Віктар Рудэнка, перш чым перайсці ў электрахаўс, вывеў на вялікую сцэну гурт Dаlі, з якім, між іншым, тройчы ўваходзіў у фінал нацыянальнага адбору, але ўсё чагосьці не хапала для пераканаўчага выступлення. На гэты раз, паводле слоў менеджара калектыву, рыхтуецца брутальны нумар: "Мы адзіны бойз-бэнд сярод фіналістаў, таму наша задача - раскрыць сапраўдную мужчынскую прыгажосць. Гэтым і будзем здзіўляць. Ёсць некалькі крэатыўных задумак (напрыклад, звязаных з робатамі), але ўсё залежыць ад таго, як успрымуць нашы ідэі арганізатары. Рыхтуем таксама харэаграфічную пастаноўку, але заўзята танчыць хлопцы не будуць, усё ж яны "прывязаны" да інструментаў - спадзяюся, танчыць пад нашу завадную песню "Еlесtrіс Tоуs" будуць гледачы!".

Рэгіёны

Пра некалькіх удзельнікаў мала вядома проста таму, што яны рэдка "свецяцца" ў сталічнай эстраднай тусоўцы, бо жывуць і працуюць у рэгіёнах. Так, гурт Muzzаrt, які мае ўжо 12?гадовы сцэнічны вопыт і мноства музычных узнагарод і прэмій у кожнага з 6 музыкантаў, родам з Брэста. Яны - гэта і джаз, і сальса, і румба, і кавер-версіі сучасных хітоў, запатрабаваных як у "рэстаранным" фармаце, так і на канцэртах. Уражваць збіраюцца завадным электрасвінгам у стылі Амерыкі 20?х гадоў.
Дзявочае трыа "Беатрыс" - з Магілёва. Тры сяброўкі-спявачкі, за плячыма якіх, між іншым, праца ў абласной філармоніі, заявілі аб сабе яшчэ ў 2012 годзе - праўда, не на радзіме, а ва Украіне, дзе бліскуча выступілі на шоу "Х?фактар". У беларускіх жа творчых конкурсах дзяўчаты часам чулі прысуд "нефармат". Чым збіраюцца здзівіць прыхільніцы стылю соўл аматараў "Еўрабачання"? Артысткі толькі загадкава ўсміхаюцца і абяцаюць, што не расчаруюць.
Яшчэ адна ўраджэнка Магілёва, Tаshа ОDІ, таксама здабыла вядомасць за межамі роднага горада дзякуючы ўдзелу ў мюзікле Ільі Алейнікава "Прарок", дзе выконвала галоўную жаночую партыю. Акрамя таго, Наталля Адзінцова (гэта пашпартнае імя спявачкі), якая жыве цяпер у Маскве, паспяхова рэалізуе сябе ў бізнесе і ў творчасці, а пару гадоў таму прымала ўдзел і ў расійскім адборы на "Еўрабачанне". Дарэчы, цікавая дэталь: у цяперашніх конкурсных песень Наталлі і Жанет - адны і тыя ж шведскія аўтары.

Навічкі

Некаторыя з сёлетніх фіналістаў гучна заявілі аб сабе параўнальна нядаўна. Напрыклад, Валерыя Садоўская толькі летась перамагла ў тэлепраекце "Акадэмія талентаў" і пакуль што мае ў актыве не надта шмат канцэртных выступленняў, таму ў падрыхтоўцы нумара дзяўчына разлічвае найперш на свайго настаўніка і прадзюсара Леаніда Шырына.
Гурт Nароlі мае крыху больш як двухгадовую гісторыю. Летась калектыў ужо ўваходзіў у фінал нацыянальнага адбору, але пазней пасля трагічнай гібелі свайго тагачаснага саліста Ільі Краўчука апынуўся наогул пад пагрозай роспуску. Тым не менш, сабраўшыся з сіламі, у абноўленым складзе трыа працягвае штурм "Еўрабачання" і сёлета, прысвяціўшы сваю песню "Mу drеаms" памяці сябра.
Але, бадай, самым нашумелым - задоўга да свайго з'яўлення - стаў дзявочы гурт MІLKІ (мінчанкі Таццяна Стахоўская і Ганна Рай, Вікторыя Назарко з Гродна, Таісія Серыкава з Гомеля і Марына Путнікава з Горак), які спецыяльна для ўдзелу ў конкурсе сабраў пераможца "Еўрабачання?2009" Аляксандр Рыбак і напісаў для іх песню пра адметнасць і прыгажосць беларускага акцэнту. Ходзяць чуткі, што ў фінале Аляксандр складзе сваім падапечным кампанію на сцэне... "Не, такога дакладна не будзе,?- абвяргае Дзіяна Вашкель, РR-менеджар прадзюсарскага цэнтра, які прадстаўляе інтарэсы Рыбака ў СНД.?
- Сам нумар у параўнанні з праслухоўваннем дакладна зменіцца: Саша прапанаваў вельмі прыгожую харэаграфічную пастаноўку, над якой дзяўчаты цяпер працуюць. Дарэчы, нягледзячы на тое, што Аляксандру даводзіцца шмат працаваць, ён пастаянна трымае сувязь з групай і пільна сочыць за работай. А яшчэ адзначу такі прыемны момант, што нас падтрымаў Філіп Кіркораў, які напісаў у сацыяльных сетках прыязны водгук, і пераможца "Еўрабачання?2007" Марыя Шэрыфавіч. Паколькі гэта апошняя з пераможцаў, хто спяваў на сваёй нацыянальнай мове, Саша вельмі ўзрадаваўся і палічыў гэта добрым знакам".

Хлопцы

Салістаў у фінале ўсяго трое. Падапечны прадзюсара Уладзіміра Кубышкіна баяніст Віталь Варанко адзначыўся не толькі ў "Акадэміі талентаў" і леташнім адборы на "Еўрабачанне", але таксама фурорам у польскім шоу "Голас" і ўдалымі эксперыментамі з беларускамоўным рэпертуарам. На конкурс, праўда, прадставіць рускамоўную кампазіцыю "Драйв". І баян - куды ж без яго.
Саліст прадзюсарскага цэнтра "Спамаш" Аляксей Грос на вялікай сцэне гучных поспехаў пакуль што не дэманстраваў - паціху спрабуе сілы ў розных конкурсах. Затое ў леташнім адборы ён праявіў сябе як сапраўдны мужчына і адказны прафесіянал, зняўшы ўжо ўхваленую заяўку, якая парушыла правілы.
Нямногія памятаюць, але Дзяніса Ліса можна таксама назваць "старажылам" адбору на "Еўрабачанне", бо першы раз ён далучыўся да ўдзелу яшчэ ў 2007 годзе, дапамагаючы Дзмітрыю Калдуну напісаць песню "Анёл мары". Песню ў выніку замянілі, але затое Дзіма паказаў найлепшы з усіх беларусаў вынік на конкурсе - 6?е месца. А Дзяніс Ліс, які сёлета, дарэчы, таксама выступіў на "Еўрабачанні" (як бэк-вакаліст Тэа), вырашыў нарэшце выйсці з ценю - і цяпер ужо сябар дапамог яму з запісам песні пад назвай - будзеце смяяцца - "Аngеl". "Усё развіваецца па спіралі",?- усміхаецца Дзяніс, прызнаючыся, што ўдзел у "Еўрабачанні" сапраўды зацягвае, і ён адчувае ў сабе сілы для таго, каб зноў выйсці на сцэну форума, але ўжо як галоўная дзеючая асоба.

"Непрадказальныя"

Юрый Наўроцкі, ён жа Uzаrі, некалькі раз штурмаваў адбор - і спыняўся ў кроку ад поспеху. А сёлета, глытнуўшы напоўніцу "еўрабачанскай" атмасферы падчас дзіцячага конкурсу (ён выступаў аранжыроўшчыкам песні беларускай удзельніцы), раптам узяў і ўсіх здзівіў - падаў заяўку зноў, прычым нечакана ў тандэме са скрыпачкай Маймунай. Атрымалася смела, энергічна і надзіва прыгожа. "У фінале будзе не горш,?- абяцае артыст.?- Песню дапрацоўваць не будзем - пастараемся наогул зрабіць усё загадзя, каб на сцэне атрымліваць кайф ад выступлення. А сам наш нумар можна апісаць адным словам - "будучыня".
А вось спявачка Дарыя, наадварот, збіраецца цалкам перапрацаваць конкурсны нумар на песню "Lоvе іs mу соlоr", музыку да якой напісала яна сама. І чаго ад яе чакаць, не прызнаецца.
Невядома пакуль, і чаго чакаць ад Настассі Малашкевіч. Падапечная Паўла Клышэўскага ўражвае моцным голасам і яркай харызмай, але на фоне мноства такіх жа жаночых балад можа як згубіцца, так і "стрэліць" у апошні момант.
Вопытныя прадзюсары і ўдзельнікі мінулых адбораў дагэтуль не бяруцца рабіць прагнозы на чыюсьці адназначную перамогу, адгаворваючыся, што ўсё вельмі заблытана. А вы ўжо вызначыліся са "сваім" кандыдатам?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.