За крок да Алімпу

27.05.2016

По сообщению zviazda.by

28 мая спартыўны канал "Беларусь 5" прэзентуе новы праект, прысвечаны падрыхтоўцы да Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра. Відэачасопіс "Адзін крок на шляху да Алімпу" раскажа аб усіх нацыянальных камандах, якія рыхтуюцца да галоўных стартаў чатырохгоддзя.

"Адзін крок на шляху да Алімпу" - відэачасопіс, які пакажа адзін трэніровачны дзень з жыцця зборнай Беларусі па вызначаным алімпійскім відзе спорту.

- Многія заўзятары спорту не бачаць за славай і п'едэсталам карпатлівай працы трэнерскага штаба і знясільваючых трэніровак спартсменаў. Мы хочам паказаць, што ёсць і іншы бок алімпійскага медаля. Наш відэачасопіс ахопіць усе зборныя, якія рыхтуюцца да Рыа. Найбліжэйшыя выпускі раскажуць аб нацыянальных камандах па веславанні на байдарках і каноэ, мастацкай гімнастыцы і боксе, - падзяліўся адзін з аўтараў праекта Андрэй Іваноў.

Так, першы выпуск відэачасопіса будзе прысвечаны веславанню на байдарках і каноэ. Гэты від спорту не адзін год прыносіць велізарную колькасць медалёў нашай краіне. Адзначым, што для гэтага выпуску здымкі ажыццяўляліся на этапе Кубка свету, а таксама выпуск ахапіў адзін трэніровачны дзень мужчынскай зборнай у Брэсце і жаночай - у Гомелі.

Прэм'ера відэачасопіса "Адзін крок на шляху да Алімпу" адбудзецца ў эфіры канала "Беларусь 5" 28 мая ў 17.30. Аўтары праекта - Андрэй Іваноў і Аляксандр Ісайчук.

Алена ДРАПКО.