З-за кадра да тэлевершыні

23.04.2005
"Культура", 23 красавіка 2005 г.


Ён кажа, што патрапіў у прафесію выпадкова, бо ў апошнія школьныя гады марыў стаць інжынерам. Але лёс вырашыў інакш, і Сяргей РЫБАКОЎ паступіў на аддзяленне тэлерэжысуры БелАМ. Гэтак пачаўся яго шлях да "Тэлевяршыні", якую ён скарыў на сёлетнім конкурсе, калі перамог у адной з самых прэстыжных намінацый "Лепшы рэжысёр".

- 3 усіх тэлепрафесій рэжысёр, напэўна, ці не самая таямнічая для неспецыяліста?
- Так, тэлерэжысёр - гэта своеасаблівы "баец нябачнага фронту", не кожны глядач ведае нават пра яго існаванне. У адрозненне ад вядучых, рэжысёр - чалавек у ценю. Ён адзіны, хто праходзіць разам са стужкай усе этапы вытворчасці: ад ідэі да эфірнага варыянта.
Наогул, рэжысура - адна з самых няўдзячных прафесій. Нават калі ты - прызнаны мэтр, няма ніякіх гарантый, што твой новы фільм таксама будзе творам мастацтва. Нельга навучыцца нейкім прыёмам ці формулам, якія забяспечаць поспех твайго фільма. Рэжысёр заўсёды павінен жыць у сваім часе, размаўляць з сучаснікам пра актуальнае, шукаць новыя тэмы і незвычайныя формы падачы матэрыялу. Напрыклад, многія рэжысёры намагаюцца пазбягаць цыклавых праграм, якія разлічаны на некалькі месяцаў. Бо ў выніку праз нейкі час ты пачынаеш думаць не пра творчасць, а пра вытворчасць. Калі працуеш на разавых праектах, у цябе больш шансаў захаваць адчуванне актуальнасці тэмы.

- Якія ж шляхі-сцяжынкі прывялі цябе ў гэту, няўдзячную, прафесію?
- Шчыра кажучы, збіраўся паступаць у політэхнічны і вельмі пакутаваў, калі спазніўся на падрыхтоўчыя курсы. Памятаю, у той момант падавалася, што жыццё скончана, і не было ніякіх ідэй, што ж рабіць далей. Я тады працаваў на прыватнай тэлестудыі ў Светлагорску, і нехта сказаў, што ў Мінску ёсць інстытут, дзе вучаць менавіта таму, чым мы займаліся на студыі. Я прыехаў у Мінск, адшукаў Акадэмію па карце, што мне пяром намалявалі сябры, і адразу ж, як кажуць, "зафанацеў" ад той творчай атмасферы, што ўласцівая Акадэміі. На ўступных экзаменах Уладзімір Паўлавіч Забэла, мой будучы мастацкі кіраўнік курса, спытаўся, што будзе, калі яны прапануюць мне вучыцца на платнай аснове. Мой адказ ён пасля прыгадаў падчас выпускнога экзамену. Я тады сказаў: "Прадам усе шафы і тумбачкі, але буду ў вас вучыцца" (усміхаецца). На шчасце паступіў на бясплатнае, і мэблю ўдалося захаваць.

- Першы вялікі поспех да цябе прыйшоў практычна адразу - ты стаў лаўрэатам міжнароднага фестывалю студэнцкіх фільмаў у Кіеве "Fast-fest Weekend" і атрымаў галоўны прыз "Вялікую Залатую Макітру"...
- Гэта была буйная перамога, прычым не толькі для мяне асабіста, але і для ўсёй Акадэміі. I, канешне, не было б нічога дзіўнага, калі б у другакурсніка раптам закружылася галава. Але зноў жа хачу падзякаваць сваім педагогам, Уладзімір Паўлавіч тады сказаў: "Вы зрабілі, атрымалі, паставілі на паліцу, забыліся і пачалі працаваць далей". Да таго ж - залікі, экзамены, хутка стала не да "Макітры".

- Нягледзячы на тое, што па спецыяльнасці ты - рэжысёр тэлебачання, мне падаецца, што цябе значна больш вабіць дакументальнае кіно...
- Нас вучылі ўсяму - здымаць кліпы, рэкламу, дакументалістыку, ігравыя стужкі... Але так атрымалася, што кожны з нас выбраў для сябе нейкі напрамак, які яму больш спадабаўся. Саша Бутар зараз здымае вельмі добрыя кліпы, Максім Субоцін перакваліфікаваўся ў кінарэжысёра, я схіляюся да дакументалістыкі. I калі зараз мне прапануюць зняць кліп ці ролік, я звычайна адмаўляюся. Але не таму, што не магу гэта зрабіць, а таму што ведаю тых, хто здыме гэта значна лепш за мяне.
Першай сур'ёзнай пробай пяра ў жанры дакументалістыкі я лічу фільм пра беларускі спецназ "Задача - выжыць". Мы тады на працягу некалькіх дзён жылі ў палатачным лагеры ў лесе, спалі там пры мінусовай тэмпературы і да т.п. Перамогу ў конкурсе "Тэлевяршыня" прынёс фільм "К-19. 25 гадоў да Чарнобыля". Гэта быў другі фільм з трылогіі да 60-годдзя вызвалення Беларусі, першая частка якой была прысвечана Нюрнбергскаму працэсу а трэцяя - подзвігу лётчыка Уладзіміра Карвата.

- Кажуць, што галоўны фільм для кожнага рэжысёра - апошні. У стужцы "Сонцам асвячуся" размова ідзе пра...
- ... вёску, звычайную беларускую вёску. Ідэя гэтай стужкі ўзнікла, калі мы здымалі фільм "Беларусь: была, ёсць, будзе". Лідэр гурта "Троіца" Іван Кірчук з'яўляўся там у вопратцы варажбіта і іграў на нацыянальных інструментах. Вобраз вельмі спадабаўся, захацелася да яго вярнуцца яшчэ раз. Да таго ж мне было вядома, што Іван Іванавіч ездзіць па нашых вёсках і збірае фальклор. Я вырашыў расказаць пра гэта і адначасова паказаць жыццё нашай вёскі, але па-новаму, нечакана для гледача. Мы з Іванам Івалавічам неяк адразу зразумелі адзін аднаго і дамовіліся, што і як будзем рабіць.
Паехалі ў вёску Відзібор Столінскага раёна і тры дні жылі там у звычайнай хаце. Вядома, калі б мы прыехалі без Івана Іванавіча, усё было б інакш. 3 тых песень, што прапанавалі праспяваць яму бабулі, ён ведаў болып за палову. Гэта адразу ж узняло яго аўтарытэт. У выніку яны не проста праспявалі нам тыя песні, што ведалі, але і пачалі ўзгадваць асобныя куплеты песень, пачутых ад сваіх матуль і бабуль.

- Адкуль узялася "фантасмагорыя на тэму беларускай вёскі"?
- Справа ў тым, што, з аднаго боку мы ставілі перад сабой мэту паказаць вёску па-новаму, без традыцыйных саламяных капелюшоў іі ручнікоў, пазбягалі ўсіх гэтых лубочных дэталей. Але і ствараць нейкі цалкам натуралістычны фільм не хацелася - таму мы прыўнеслі ў стужку пэўны містычны элемент. Сёння ў модзе розныя тыбецкія амулеты, фэн-шуй і да т.п. Але тое ж самае, толькі ў іншай форме, было і ў нас, проста мы забыліся пра гэта. I вельмі шкада, што тая культурная спадчына, што назапашвалася стагоддзямі, зараз становіцца нікому непатрэбнай. Адкрыць для беларусаў беларускую ж культуру - вось адна з асноўных мэт гэтага фільма. Ён абраны для ўдзелу ў "Залатым Віцязі", і у гэтым выпадку наша галоўная мэта зноўку - нават не перамагчы, а паказаць багацце і хараство беларускай душы.

Гутарыў Раман АЛЬШЭЎСКІ.